Суд аштрафаваў актывіста, які заявіў пра мініраванне рэстарана каля Курапатаў
Актывіста Мікіту Найдзена ў судзе Мінскага раёна аштрафавалі на 1960 рублёў (80 базавых велічыняў). Хлопца прызналі вінаватым у заведама ілжывым паведамленні пра небясьпеку, перадае Радыё "Свабода".
Пакуль прысуд не набудзе моц, Найдзен застанецца пад хатнім арыштам. Гэтая мера стрымання да яго дзейнічае ўжо з 13 чэрвеня.
Пасля абвяшчэння прысуду хлопец сказаў, што не будзе абскарджваць яго і заплаціць штраф. "Штраф давядзецца плаціць мне, а каму ж яшчэ?" — удакладніла пры гэтым ягоная маці.
Мікіта Найдзен — адзін з удзельнікаў пікетавання рэстарана "Поедем поедим" каля Курапатаў. 10 чэрвеня ён затэлефанаваў у рэстаран і паведаміў, што будынак замініраваны.
На судзе хлопец цалкам прызнаў сваю віну. Ён патлумачыў, што хацеў дапамагчы абаронцам Курапатаў, каб пасля гэтага тэлефанавання зачынілі рэстаран.
Найдзену 28 гадоў, ён працуе штампоўшчыкам на Мінскім трактарным заводзе.