Суд над Паўлам Белавусам зрабілі закрытым
Павел Белавус / Еўрарадыё
Суд над кіраўніком Symbal.by Паўлам Белавусам зрабілі закрытым. Як перадае БЕЛТА, пра гэта хадайнічаў адвакат падсуднага. Паведамляецца, што ён зрабіў гэта "з мэтай прадухілення выдачы інфармацыі, размешчанай у крыніцах, прызнаных экстрэмісцкімі". Сам Павал нібыта не пярэчыў.
Працэс над вядомым дзеячам культуры пачаўся ў Мінскім гарадскім судзе. Белавусу выставілі абвінавачанні па чатырох артыкулах, у тым ліку — у здрадзе дзяржаве. У Следчым камітэце казалі, быццам Белавус "пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх з'яўлялася змена дзяржаўнай улады ў Беларусі". Таксама ў СК заяўлялі, нібыта сваімі дзеяннмі менеджар культуры "на працягу дзесяці гадоў ставіў пад пагрозу знешнюю і ўнутраную бяспеку дзяржавы".
Паўлу ставяць у віну, што ён атрымаў з-за мяжы больш за 200 тысяч долараў на культурніцкую дзейнасць. Следства арыштавала яго маёмасць на 50 тысяч рублёў.
Пад вартай Белавус знаходзіцца з 23 снежня 2021 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.