Суд па справе Віктара Бабарыкі пачнецца 17 лютага
Суд па гучнай "справе Белгазпрамбанка", па якой праходзіць былы старшыня яго праўлення, палітвязень Віктар Бабарыка, пачнецца 17 лютага. Пра гэта стала вядома ў чацвер па выніках папярэдняга судовага пасяджэння, якое прайшло 4 лютага ў будынку суда Маскоўскага раёна Мінска. Дарэчы, былі ўжытыя беспрэцэдэнтныя меры бяспекі — адменены ўсе іншыя суды, закрыты ўваход для наведвальнікаў, агароджаная тэрыторыя, яе кантралявалі сілавікі ў балаклавах.
У суд прывозілі топ-менеджараў банка Кірыла Бадзея, Сяргея Дабралета, Аляксандра Ільясюка, Дзмітрыя Кузьміча, Сяргея Шабана (іх вінавацяць у "атрыманні хабару арганізаваннай групай у асабліва буйным памеры") і заснавальніка ТАА "Актыўлізінг" Віктара Кабяка (яго вінавацяць у дачы хабару ў буйным памеры), якія пайшлі на здзелку са следствам. Віктар Бабарыка сваёй віны не прызнае, на здзелку не пайшоў (тое самае зрабіў і Аляксей Задойка). Бабарыку вінавацяць у атрыманні хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры і "адмыванні" грошай.
Суд мусіць быць адкрыты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.