Суд прызнаў экстрэмісцкай публікацыю, дзе быў фотаздымак з вышыванкай

Суд прызнаў экстрэмісцкай публікацыю, дзе быў фотаздымак з вышыванкай

Суд Маскоўскага раёна Брэста 16 чэрвеня разглядаў справу паводле заявы 6-га ўпраўлення (па Брэсцкай вобласці) ГУБАЗіК МУС. Міліцыянты хацелі, каб суд прызнаў экстрэмісцкім матэрыялам публікацыю на сайце "Віртуальны Брэст", паведамляе прэс-служба БАЖ.

Гаворка ішла пра публікацыю пра затрыманне жыхара Баранавічаў Уладзіміра Гундара. Тэкст быў праілюстраваны фатаздымкам затрыманага мужчыны ў вопратцы з арнаментам. Менавіта арнамент ім не спадабаўся: у ім міліцыянты пабачылі забароненую свастыку. Афіцыйнае заключэнне рабіў галоўны рэдактар дзяржаўнай раённай газеты з Іванава і былы ідэолаг Ігар Гетман — кандыдат філалагічных навук.

Прадстаўніца сайта Юлія Кухарчык адзначыла, што ніякіх забароненых знакаў на фатаздымку няма. Яна спаслалася на пастанову МУС №340 “Аб устанаўленні пералікаў арганізацый і іншых структур, іх сімволікі і атрыбутыкі” ад 27 снежня 2019 года. У пастанове гаворыцца, што свастыка — сімвал Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі Германіі — гэта знак у выглядзе крыжа з чатырма канцамі, загнутымі ў правы бок пад прамым вуглом.

“Сімвал на арнаменце кашулі, фотаздымак якой з’явіўся ў публікацыі, не трапляе пад забароненыя сiмвалы, што вызначаны дадзенай пастановай. На гэтай кашулі канцы загнутыя ў левы бок. Дадзены знак з’яўляецца артэфактам яшчэ дахрысціянскай культуры і ўзнік задоўга да ХХ стагоддзя. У дадзеным выпадку знак знаходзіцца ў камбінацыі з узорам, а таму на кашулі не сімвал, а арнамент”, — казала ў судзе Кухарчык.

Яна згадала, што такія ж знакі ёсць, напрыклад, на кіраўскіх ручніках, што захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі і ў Магілёўскім краязнаўчым музеі, а таксама на вокладках кніг і на сайтах школ у выглядзе арнаменту.

Афіцыйнае заключэнне яна аспрэчваць не стала, але выказала думку, што для высноваў патрэбны спецыяліст больш вузкай кваліфікацыі. “Мне здаецца, што эксперт рабіў выснову не як навуковец, а больш як ідэолаг і грунтаваўся на досведзе сваёй ранейшай працы. У сваіх высновах ён бачыць менавіта тое, пра што просяць заяўнікі экспертызы", — дадала Кухарчык.

Суддзя Настасся Бразінская стала на бок ГУБАЗіК і прызнала “малюнак чырвона-белага арнаменту з устаўкамі левабаковай свастыкі чырвонага колеру” на сайце “Віртуальны Брэст” экстрэмісцкім матэрыялам. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі