Сурыкаў: Расія можа пабудаваць яшчэ два рэактары на Беларускай АЭС

Сурыкаў: Расія можа пабудаваць яшчэ два рэактары на Беларускай АЭС

Беларусь і Расія могуць удвая павялічыць магутнасці Астравецкай АЭС. Пра гэта журналістам заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў.

"Вяліся прапрацоўкі, што ў выпадку нармальнага развіцця падзей і рынкаў збыту электраэнергіі, а таксама спадарожнага цяпла, ёсць рэзервовыя пляцоўкі пад будаўніцтва яшчэ двух рэактараў — падваення магутнасці тут жа, бо геалагічныя ўмовы тут самыя спрыяльныя. Інфраструктура ўся будзе, працуючыя два рэактары будуць — можна думаць над перспектывай пашырэння гэтага аб'екта", — цытуе БЕЛТА словы Сурыкава.

Дыпламат дадаў, што такія перамовы вяліся яшчэ да пачатку будаўніцтва АЭС каля Астраўца. Да іх могуць вярнуцца пасля таго, як Беларускую АЭС запусцяць у эксплуатацыю, дадаў ён. 

Пасол падкрэсліў, што такі аб'ект, як АЭС, вельмі патрэбны Беларусі, бо гэта высокатэхналагічная галіна. У Расіі праект Беларускай АЭС ацэньваюць станоўча. 

Гаворачы аб прэтэнзіях Літвы да АЭС (яна будуецца каля самай беларуска-літоўскай мяжы), Сурыкаў заявіў, што ў Расіі яны ўспрымаюцца "з пэўнай доляй усмешкі". Па яго словах, Літва хацела недалёка будаваць Вісагінскую АЭС замест ранейшай Ігналінскай. Там мусілі быць японскія тэхналогіі. Аднак пасля аварыі на Фукусіме на Вісагінскую АЭС не знайшлося інвестара. 

Пляцоўку, на якой будуецца Беларуская АЭС, 26 траўня наведалі каля 25 акрэдытаваных у Беларусі дыпламатаў — кіраўнікі дыпламатычных місій і часовыя павераныя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі