Сустракаў Клінтана, жасціў на АНТ. Хто ён — кіраўнік Мінінфарма Марат Маркаў
Марат Маркаў
Лукашэнка зноў "ператрос кадры". Замест Уладзіміра Пярцова міністрам інфармацыі прызначаны Марат Маркаў, тэлевядучы і экс-кіраўнік тэлеканала АНТ. А на АНТ замест Маркава прызначаны былы міністр інфармацыі Ігар Луцкі.
Расказваем, які кар'ерны шлях прайшоў новы кіраўнік Мінінфарма перад тым, як заняць крэсла наглядчыка за беларускімі медыя і галоўнага цэнзара.
Міністр інфармацыі без журналісцкай адукацыі
Марат Маркаў нарадзіўся ў 1969 годзе на поўдні БССР, у горадзе Лунінцы. Па паходжанні ён грузін, сваякі жывуць у Грузіі.
Яго маці, Лілія Маркава, 25 гадоў адпрацавала загадчыцай натарыяльнай канторы. У школе №2, якую Марат скончыў у 1986 годзе, яго запомнілі як актыўнага вучня, піянера, члена камсамола.
У дзіцячыя гады будучы міністр двойчы бываў у дзіцячых лагерах "Зубраня" і "Артэк", спяваў і граў на бас-гітары ў школьнай рок-групе. Праз пяць гадоў навучання ігры на скрыпцы ён перайшоў у футбольную секцыю і займаўся барацьбой дзюдо.
Пасля школы Маркаў паступіў у Мінскае вышэйшае інжынернае зенітна-ракетнае вучылішча, дзе атрымаў тэхнічную адукацыю. Падчас службы ў 1994 годзе стаяў у роце ганаровай варты пад БЧБ-сцягам, калі ў Мінск прыехаў Біл Клінтан.
Аддаўшы 13 гадоў беларускаму войску, Маркаў даслужыўся да намесніка камандзіра ўзвода. Пазней ён скончыў юрыдычны факультэт БДУ і некаторы час працаваў аўдытарам.
Медыяменеджар у пагонах
Але служба офісным клеркам яго не вабіла. Тады Маркаў уладкаваўся ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БЕЛТА), дзе яго харызму заўважылі і запрасілі ў Адміністрацыю прэзідэнта. Там ён падняўся да першага намесніка кіраўніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення.
У снежні 2011 года Маркава прызначылі намеснікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі. Каб умацаваць свае кіраўніцкія пазіцыі, медыя менеджар-пачатковец скончыў Акадэмію кіравання і аспірантуру, дзе напісаў працу па выбарчых тэхналогіях і тэорыі кіравання.
У другой палове 2010-х Маркаў пачаў выступаць публічна — стаў аўтарам і вядучым праграмы "Буйным планам" на тэлеканале "Беларусь 1". У сакавіку 2017 года ён быў прызначаны старшынёй праўлення АНТ, што дало яму раскрыцца па поўнай.
Апошнімі гадамі Маркаў прытрымліваўся старой лініі — тапіў "за рэжым" і ўсяляк даводзіў асабістую эфектыўнасць. На фоне вайны ва Украіне ў перадачы "Клуб рэдактараў" ён падтрымаў тэзіс Лукашэнкі пра важнасць размяшчэння расійскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі.
"Мне вельмі хочацца, таму шта яны [Захад] так мараць нас знішчыць усіх і, не саромеючыся, ужо пра гэта кажуць, каб вынікам гэтага знішчэння было тое, што мы ў атачэнні "Вагнера" і 3214 пілі б спакойна каву дзесьці яшчэ раз на Елісейскіх палях", — разважаў Маркаў у снежні 2023 года.
А ў пачатку гэтага года ён працаўладкаваў сваю дачку Анастасію, выпускніцу юрфака БДУ, да сябе на канал. Дзяўчына вядзе прапагандысцкае шоу "Лікбез BY", у якім хлусіць пра праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі.
“Рэвалюцыі не будзе”
Маркаў ужо публічна заявіў, што на новай пасадзе нічога кардынальна мяняць не збіраецца: “Я даволі добра ведаю, як гэтая праца праводзілася, у якіх кірунках. Таму рэвалюцыі ў гэтым плане дакладна не будзе, будзе цалкам ясная і паслядоўная праца".
Зрэшты, мяркуючы з набліжанага да яго тэлеграм-канала "Графач", Маркаў плануе сцішыць імпэт прапуцінскіх сіл у прапагандысцкім пуле Лукашэнкі. Ну, хай працуе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.