"Светлае тэлебачанне" будзе беларускамоўным
Аператар кабельных сетак "Светлае тэлебачанне" звярнуўся да дэпутаткі Алены Анісім з просьбай дапамагчы напоўніць кантэнт беларускамоўным прадуктам.
"Я прашу тых, хто мае навукова-папулярныя перадачы на беларускай мове, мастацкія фільмы, агучаныя ці з субтытрамі, падзяліцца з аператарам кабельных сетак, каб той пашыраў прастору беларускамоўнага вяшчання. Я думаю, што гэта толькі першая ластаўка", — заклікае Алена Анісім.
На думку дэпутаткі, "Светлае тэлебачанне" не стане канкурэнтам беларускамоўнага тэлеканала "Белсат" ці "Беларусь 3".
"Мы хочам, каб праграмы, якія носяць культурны і асветніцкі характар, праграмы, у якіх мы распавядаем аб Беларусі, ішлі на беларускай мове. Таксама плануем запусціць у бліжэйшы час урокі беларускай мовы", — распавядае Еўрарадыё намесніца галоўнага рэдактара "Светлага тэлебачання" Святлана Чакалава.
Па словах кіраўніцтва канала, "Светлае тэлебачанне" — асветніцкі канал, у канцэпцыі якога адсутнічае інфармацыйны складнік. Таму гарачых навін па-беларуску глядач не ўбачыць.
Даведка:
"Светлае тэлебачанне" — новы кругласутачны канал, які вяшчае з Барысава. У яго эфіры прадстаўленыя цыклы перадач "Беларусь самабытная", "Ваш псіхолаг", "Падарожнічайце разам з намі", "Бывайце здаровы!", "Дзеткі", "А ці ведаеце вы?", "Гутарка па душах ", а таксама фільмы і мультфільмы са спадчыны сусветнага кінематографа. Штогадзіны на экране — падрабязны прагноз надвор'я ў Беларусі і курортных гарадах свету, анонсы мерапрыемстваў у Беларусі.