Святара і палітвязня Уладзіслава Багамольнікава арыштавалі сёмы раз запар

Уладзіслаў Багамольнікаў / minda.by
Уладзіслаў Багамольнікаў / minda.by

Святара Уладзіслава Багамольнікава арыштавалі сёмы раз запар. Гэтым разам суд Ленінскага раёна Мінска прызначыў яму 13 сутак адміністрацыйнага арышту. Агулам за кратамі Багамольнікава будуць утрымліваць 101 дзень, піша @viasna96.

Уладзіслаў Багамольнікаў — клірык Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі. Ён абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязня Ігара Лосіка, служыў паніхіду па забітым сілавікамі пратэстоўцу Раману Бандарэнку.

Супрацоўнікі ГУБАЗіК выламалі дзверы ў кватэру святара і затрымалі яго 31 жніўня, адправілі на Акрэсціна. Спачатку былі 14 сутак адміністрацыйнага арышту. Пасля неаднаразова дадаваліся новыя суткі.

Праваабаронцы пішуць, што Багамольнікава бесперапынна ўтрымліваюць у нечалавечых умовах. Навуковец Сяргей Гаранін, які таксама быў на Акрэсціна, паведаміў, што святар некаторы час трымаў галадоўку, а стан здароўя яго пагоршыўся. Гаранін лічыць, што яго там забіваюць.

Група "Хрысціянская візія" прыняла заяву ў справе пераследу святара: "Мы выказваем захапленне хрысціянскай мужнасцю святара Уладзіслава Багамольнікава, які ў самых складаных умовах захоўвае прысутнасць духу, па-хрысціянску падтрымлівае блізкіх і не ідзе на несумяшчальныя з яго перакананнямі кампрамісы".

Праваабаронцы прызналі Багамольнікава палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі