Святлана Алексіевіч: Людзі прызвычаіліся да нейкага плоскага мыслення

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч задаволеная выступам Станіслава Бялкоўскага, які прагучаў у яе Інтэлектуальным клубе. Расійскі палітолаг шматслоўна распавядаў пра "чацвёртую сусветную вайну" і часта адхіляўся ад тэмы, таму аўдыторыя адрэагавала на яго лекцыю вельмі кантрастна. Тым не менш, пісьменніца лічыць гэты досвед удалым:

"Бялкоўскі шмат цікавых рэчаў распавёў. Я думаю, што гэта важна для нас. Людзі прызвычаіліся да нейкага плоскага мыслення, — каментуе Еўрарадыё Алексіевіч. — У нас людзі да больш простых формаў прызвычаіліся, а гэты чалавек — больш складаны. Але ж пасля, калі людзі пачалі чытаць, яны ўбачылі, што ён шмат пра што сказаў".

Размова праходзіла ў фармаце "эксперт — апанент". Святлана Алексіевіч вырашыла захаваць яго і на наступных сустрэчах Інтэлектуальнага клуба. Што праўда, кажа яна, Бялкоўскі "паралізаваў" журналіста Юрыя Дракахруста, які быў яго апанентам.

Дарэчы, пісьменніца заўважыла, што з абедзвюх лекцый клуба неўзабаве пасля пачатку сышоў адзін і той жа чалавек — філосаф Уладзімір Мацкевіч. "З Седаковай ён сышоў, сказаўшы, што ён сам — вучань Шчадравіцкага, хадзіў на тыя ж лекцыі, і таму не пачуў нічога новага. Тут ён сышоў, бо не прыняў такую вольную форму размовы... Мацкевіч чамусьці заўжды стаіць у фрондзе. Але кажуць, што ў яго такі характар".

Пісьменніца кажа, што на наступную сустрэчу зноў запросіць "нязручнага" філосафа: "Вядома, няхай прыходзіць, мы ж не злапамятныя. Думаю, што тут у яго ўжо не будзе падставаў сысці".

Наступнай госцяй Інтэлектуальнага клуба будзе літоўская пісьменніца Рута Ванагайтэ — аўтарка скандальнай кнігі "Нашы" пра знішчэнне габрэяў у Літве. "Даў згоду Цімаці Снайдар [амерыканскі гісторык, аўтар бестсэлера "Крывавыя землі: Еўропа паміж Гітлерам і Сталіным". — Еўрарадыё], і Сакураў будзе, — пералічае наступных лектараў Святлана Аляксандраўна. — У нас цікавыя людзі будуць, і давядзецца большыя аўдыторыі пашукаць".