“Сямейны капітал” за 18 гадоў захоўвання страціць траціну сваёй вартасці

Працэнтная стаўка па дэпазітах “Сямейнага капітала”, адкрытым ў 2015 годзе, складзе 0,6288% гадавых. Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Міністэрства фінансаў. Памер працэнтнай стаўкі на дэпазіт “Сямейны капітал” устаноўлены на ўзроўні стаўкі Libor.

Нагадаем, з 1 студзеня 2015 года ў Беларусі сем’і могуць атрымаць так званы “Сямейны капітал” у памеры 10 тысяч долараў ЗША. На гэтыя грошы могуць разлічваць тыя сем’і, ў якіх трое дзяцей, прычым апошняе дзіцё нарадзілася ў 2015 годзе. Грошы могуць быць выдаткаваныя на паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне адукацыі і гэтак далей.

Старшы аналітык “Альпары” Вадзім Іосуб кажа, што пры інфляцыі долара ў ЗША меней за 2% (арыентуемся на гэтую валюту, бо ў ёй будуць дэпазіты, а не ў беларускіх рублях), за 18 гадоў (на якія адкрываецца “Сямейны капітал”) кошты ў ЗША вырастуць прыкладна на 43%.

“Пры гэтым даходнасць за 18 гадоў гэтага дэпазіту “Сямейны капітал” складзе каля 12%. Цэны могуць вырасці на 42%, а па дэпазіце — толькі на 12%. То бок, грошы згубяць сваю пакупніцкую моц”, − кажа аналітык.

Атрымліваецца, праз 18 гадоў, калі сямейным капіталам можна будзе скарыстацца, грошы страцяць траціну сваёй вартасці.

Але найбольш аналітыка здзівіў той факт, што стаўку дэпазіта прывязваюць менавіта да стаўкі Libor (London Interbank Offered Rate) — сярэднеўзважанай працэнтнай стаўкі па міжбанкаўскіх крэдытах банкаў.

“Стаўка Libor — гэта стаўка, пад якую крэдытуюцца ў замежнай валюце высокакласныя банкі ў Лондане. Але ў нас, у Беларусі, свой рынак валютных крэдытаў і дэпазітаў. Дэпазіты ў нас выдаюцца пад прыкладна 5,5%, крэдыты прадпрыемствам — пад 10%. Што рабіць з гэтымі грашыма, каб яны працавалі? Выдаваць крэдыты. Пры гэтым будзе налічвацца 0,6% на капітал. Атрымліваецца ўся маржа — гэта прыбытак банка? Банк налічвае на капітал 0,6%, размяшчае грошы пад крэдыт пад 10% — і атрымліваецца, што 9,5% − гэта прыбытак банка”, — кажа Вадзім Іосуб.

Эксперт сумняецца, што ўвесь гэты час крэдыты будуць выдавацца пад 10%, але ў гэтай сітуацыі “Беларусбанк” добра заробіць на “Сямейным капітале”.

Фота — finatica.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі