Сына расійскага алігарха асудзілі ў Брэсце на тры гады калоніі

Сына расійскага алігарха асудзілі ў Брэсце на тры гады калоніі

Суд Маскоўскага раёна Брэста асудзіў 24-гадовага Аляксандра Шарыгу на тры гады пазбаўлення волі. Таксама ў сына расійскага алігарха канфіскуюць аўтамабіль Mercedes AMG CLA 45 як сродак здзяйснення злачынства, піша "СБ. Беларусь сегодня". 

Хлопца затрымалі апмежнікі перад Новым годам, калі ён ехаў з Польшчы нецвярозы за рулём. У яго аўтамабілі знайшлі марыхуану і гашышны алей. 

Суд над сынам расійскага транспартнага магната Канстанціна Шарыгі пачаўся ў Брэсце 9 красавіка.

На судзе Аляксандр Шарыга цалкам прызнаў сваю віну. У апошнім слове ён разважаў пра кепскае атачэнне, якое гатовы памяняць, каб весці іншы лад жыцця, без наркотыкаў, і выхоўваць дачку. Хлопец паведаміў, што ягоная жонка нідзе не працуе і знаходзіцца ў яго на ўтрыманні. Праўда, у падарожжа па Польшчы, Чэхіі, Германіі, Швейцарыі і Францыі ў снежні 2018 года ён адправіўся з сяброўкай Марыяй Новікавай. Гэтая дзяўчына прыехала з Масквы ў Брэст, каб падтрымаць яго на судзе. У працэсе яна праходзіла як сведка, але мала што памятала пра затрыманне Шарыгі на мяжы.

Як распавядала Еўрарадыё, пракурор прасіў для Шарыгі 3 гады і 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасці, але з канфіскацыяй аўтамабіля, у якім выявілі наркотыкі. 

Абаранялі падсуднага два брэсцкія адвакаты. Яны прасілі прызначыць штраф. У якасці змякчальных акалічнасцяў абарона называла адсутнасць судзімасці ў Шарыгі, няведанне законаў Беларусі і нязначную колькасць выяўленых наркотыкаў.

Прысуд не набыў моц і можа быць абскарджаны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі