Сёння 30 гадоў, як беларуская мова зноў стала дзяржаўнай

Сёння 30 гадоў, як беларуская мова зноў стала дзяржаўнай

26 студзеня 1990 года у Беларусі адбылася гістарычная падзея — была адноўлена дзяржаўнасць беларускай мовы. Яна была абвешчаная адзінай дзяржаўнай мовай і паступова пачала пашырацца ва ўсіх сферах грамадскага і палітычнага жыцця.

З нагоды 30-годдзя аднаўлення дзяржаўнасці беларускай мовы ТБМ апублікавала зварот да беларусаў.

"Мы атрымалі выдатную магчымасць не толькі захаваць сваю мову для нашчадкаў, але і зрабіць яе адной з паўнапраўных моў аб'яднанай Еўропы. На жаль, за апошнія два дзесяцігоддзі ўлада зрабіла ўсё, каб прыбраць родную мову беларусаў з экранаў тэлебачання, з заканадаўчай сферы і самае страшнае — яна выгнала мову тытульнай нацыі з садкоў і школ, не дала ёй запанаваць у вышэйшай адукацыі. Набіраюць сілу галасы розных "інтэгратараў", якім карціць пазбавіць нас незалежнасці і зноў загнаць у імперыю. Усё больш трывожна гучыць засцярога Францішка Багушэвіча: "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!"

Шаноўныя беларусы! Беларуская мова ёсць і будзе заўсёды дзяржаўнай. Не цурайцеся карыстацца ёю ў штодзённым жыцці. Запаўняйце на ёй афіцыйныя паперы, анкеты, іншыя дакументы. Звяртайцеся па-беларуску да дзяржаўных асобаў, ва ўстановы. Паўсюль размаўляйце па-беларуску: годна, упэўнена, ветліва. Пачувайцеся гаспадарамі на сваёй зямлі, думайце і разважайце па-гаспадарску. І нікому не давайце ўсумніцца ў тым, што на Беларусі гучала, гучыць, і будзе гучаць наша спрадвечная беларуская мова", — гаворыцца ў звароце Таварыства беларускай мовы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі