Сёння — Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі

Дзень салідарнасці прымеркаваны да даты затрымання ў Мінску ў 2011 годзе праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Нагадаем, што сёлета ў чэрвені праваабаронца выйшаў на волю па амністыі.

Нягледзячы на вызваленне Бяляцкага, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці не збіраюцца адмаўляцца ад правядзення Дня салідарнасці, інфармуе БелаПАН.

"Мы будзем адзначаць гэты дзень штогод, да таго часу, пакуль становішча грамадзянскай супольнасці ў Беларусі не зменіцца — пакуль у краіне не перастануць саджаць у турму за праваабарончую дзейнасць і пакуль у ёй не будуць гарантаваныя фундаментальныя свабоды: свабода выказвання меркавання, сходаў і аб'яднанняў", — гаворыцца ў маніфесце Міжнароднага дня салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі.

У гэтым годзе прапануецца звярнуць асаблівую ўвагу на маладых актывістаў і салідарнасць з імі, а таксама на адстойванне гуманістычных каштоўнасцяў у культуры і мастацтве. Заснавальнікі Дня салідарнасці заклікаюць неабыякавых грамадзян накіроўваць беларускім палітвязням лісты са словамі падтрымкі, а таксама распаўсюджваць у грамадстве інфармацыю пра акцыю і пра палітвязняў, адзначаць Дзень у сваім горадзе і краіне пражывання. Так, напрыклад, акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі пройдзе сёння каля амбасады Беларусі ў Кіеве, яе арганізуе рух салідарнасці "Разам". У самой Беларусі такія мерапрыемствы забароненыя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі