Працягваецца суд над былым гендырэктарам "Барысаўдрэва"
Працэс над Уладзімірам Мальцавым праходзіць у Мінскім абласным судзе. Сёння дапытваюць сведак.
Экс-дырэктара прадпрыемства вінавацяць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі падчас выканання дзяржпраграмы па мадэрнізацыі прадпрыемства. Страты ад яго дзейнасці ацэненыя на 18 мільярдаў рублёў. Мальцаву пагражае да 8 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці.
Абвінавачаны не прызнаў сваю віну, заявіў, што асабістай зацікаўленасці ў яго дзеяннях не было.
Адзначым, што падчас расследавання крымінальнай справы быў накладзены арышт на маёмасць Мальцава на суму звыш 400 мільёнаў рублёў, З сакавіка 2014-га ён знаходзіцца пад вартай.
Нагадаем, што 8 лістапада 2013 года Аляксандр Лукашэнка наведваў прадпрыемства і быў абураны сарванымі тэмпамі мадэрнізацыі. Пачалося расследаванне. Уладзімір Мальцаў яшчэ некалькі месяцаў заставаўся кіраўніком "Барысаўдрэва".