Таццяна Соза: Кіраўнікоў трэба вучыць гаварыць “дзякуй”

120530 Soza_site.mp3

Еўрарадыё: Як вы ацэньваеце ў Беларусі культуру кіравання і карпаратыўную культуру?

 

Таццяна Соза: Мне падаецца, што на сённяшні дзень Беларусь ужо зрабіла некалькі крокаў у бок Еўропы, калі гаварыць пра карпаратыўную культуру. Але нам не стае топ-мэнаджманта і разумення ролі супрацоўнікаў у кампаніі. У нашых топ-мэнаджараў сёння высокая кампетэнцыя ў профільных сферах – у маркетынгу, продажах. Але што датычыцца кіравання персаналам, наш топ-мэнаджмант лічыць гэта не асноўнай працай. Насамрэч, я на сённяшні дзень пераважна працую з людзьмі і разумею, што гэта галоўнае. Я зрабіла б большы ўхіл на тое, што сённяшнія кіраўнікі павінны атрымліваць большую кампетэнцыю і адукацыю ў сферы кіравання персаналам.

 

Еўрарадыё: Сапраўды, калі чалавек становіцца начальнікам, ён часта робіцца суворым і пачынае раздаваць пугі, забываючыся на пернікі.

 

Таццяна Соза: Цалкам з вамі згодная, гэта асноўны мінус. Сёння адукацыя мэнаджманту скіраваная на тое, каб вучыць кіраўнікоў гаварыць “дзякуй”. У навучальных курсах я нават сутыкалася з такімі памяткамі – сто спосабаў сказаць чалавеку “дзякуй”. Можна ж не толькі пахваліць ці даць нейкую прэмію. Гэтага ж недастаткова. А гістарычна неяк склалася, што, калі ўсё добра – табе нічога не кажуць. А кажуць толькі тады, калі ты штосьці зрабіў не так. Калі чалавек прыходзіць у кампанію і яму даюць нейкія накірункі – яму значна прасцей адаптавацца. Зваротная сувязь вельмі важная, яе трэба ўмець даваць. Некаторыя гэтага не ведаюць, некаторыя не хочуць гэтага рабіць.

 

Еўрарадыё: Якімі яшчэ якасцямі павінен валодаць кіраўнік, каб яго любілі і паважалі падначаленыя?

 

Таццяна Соза: Для мяне на сённяшні дзень узорам з’яўляецца дырэктар нашай кампаніі. З аднаго боку, ён вельмі дэмакратычны, ніколі не падвышае голасу, але, пры гэтым, карыстаецца вялікай павагай у калектыве. Чалавек павінен быць справядлівым, павінен трымаць сваё слова, выконваць тое, што абяцае.

 

Еўрарадыё: Ці ёсць нейкія тэхнікі, з дапамогай якіх можна пачаць любіць свайго неідэальнага кіраўніка і паспяхова супрацоўнічаць з ім?

 

Таццяна Соза: Напрыклад, калі я прыйшла працаваць у кампанію, я не зусім падзяляла карпаратыўную культуру, якая хутчэй абмяжоўвала, чым давала свабоду. Мая прыватная прастора абмяжоўваецца, у нас ёсць пэўныя стандарты, як выглядае працоўнае месца, я не магу піць каву на працоўным месцы. Спачатку мне было вельмі складана гэта прыняць, гэта не адпавядала маёй унутранай культуры – мне хацелася творчасці, раскіданых паперак. Я павінна прыняць рашэнне: калі гэтыя абмежаванні, што ставіць кампанія, не з’яўляюцца для мяне крытычнымі, калі я магу з імі жыць, тады я прымаю іх. Праз некаторы час я адаптуюся і пачынаю іх падзяляць. І сёння я  разумею, што гэтыя прынцыпы пачынае падзяляць нават мая сям’я. То бок некаторыя рэчы, якім мяне навучыла кампанія, змянілі мой погляд на жыццё, сёння я разумею, што гэта было правільна. Такім чынам, першае, што трэба зрабіць – прымерыць на сябе культуру кампаніі. Змяніць карпаратыўную культуру кампаніі і кіраўніка вельмі складана, так што вы або прымаеце яе, або мяняеце кампанію.

                                                                                                

Еўрарадыё: А як на вашую думку лепш падтрымліваць пазітыўную і прадуктыўную атмасферу ў калектыве?

 

Таццяна Соза: Карпаратывы – гэта, вядома, важна, патрэбна і запатрабавана, але нельга, каб гэтага было зашмат. У кожнага чалавека ёсць права на асабістае жыццё, асабістую прастору і калі кампанія пачынае актыўна ўмешвацца ў гэтую сферу, калі чалавек і ў працоўны і ў непрацоўны час займаецца нейкімі карпаратыўнымі мерапрыемствамі, – гэта не вельмі добра. Але людзям важна атрымліваць ад кампаніі падтрымку ў выглядзе карпаратыўных мерапрыемстваў, сацыяльных праграм. Гэта тое, што робіць кампанію прывабнай на рынку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі