Такаеў пераплюнуў Лукашэнку: што чакае Казахстан праз сем гадоў

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў / калаж Еўрарадыё
Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў / калаж Еўрарадыё

"Самае цікавае, паводле вынікаў экзітполаў, графа "супраць усіх" заняла другое месца", — каментуе Еўрарадыё вынікі датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў у Казахстане палітолаг Дасым Сатпаеў. 22 лістапада стала вядома, што перамогу ў іх атрымаў дзейны прэзідэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў, які, паводле інфармацыі ЦВК, набраў 81,31 % галасоў выбаршчыкаў.

“Гэта нават больш, чым намалявалі Лукашэнку ў 2020-м!" — цалкам справядліва заўважаць нашы чытачы. Што агульнага паміж Казахстанам і Беларуссю? У чым поспех або правал Такаева і навошта трэба было праводзіць менавіта датэрміновае галасаванне?

Токаев переплюнул Лукашенко: что ждет Казахстан через семь лет
Дасым Сатпаеў / Фэйсбук

Дасым Сатпаеў: Яшчэ пасля студзеньскіх пратэстаў у Казахстане Такаеў публічна заявіў, што не будзе датэрмінова ладзіць ніякіх прэзідэнцкіх выбараў і мяняць Канстытуцыю. Пазней, у чэрвені, ён правёў рэферэндум, звязаны з канстытуцыйнымі папраўкамі. Дарэчы, гэты рэферэндум, хутчэй за ўсё, быў рэпетыцыяй тых датэрміновых выбараў, якія прайшлі ў нас 20 лістапада.

Думаю, да гэтага рэферэндуму ўлады не былі на сто адсоткаў упэўненыя, што гэтыя выбары неабходныя. Рэферэндум, які прайшоў пятага чэрвеня, па-першае, дапамог ім пратэставаць пэўную грамадскую думку з гледзішча рэйтынгу Такаева ў грамадстве. Па-другое, пратэставаць працу дзяржапарату, які ўдзельнічаў у падрыхтоўцы гэтага рэферэндуму і, наколькі можна зразумець, Такаева і яго атачэнне гэта задаволіла.

Яны палічылі, што цягнуць да 2024 года не варта. Таму што сацыяльна-эканамічнае становішча ў Казахстане пагаршаецца і ў сувязі з вайной ва Украіне, і з ростам інфляцыі, і з вялікай колькасцю непрадказальных "чорных лебедзяў", якія і ў наступным годзе могуць паўстаць, і ў 2024-м.

Яшчэ адзін момант — гэта пэўны страх Такаева і яго атачэння, што да 2024 года могуць з'явіцца пэўныя палітычныя сілы з ліку тых людзей, якія ўваходзілі ў атачэнне першага прэзідэнта Нурсултана Назарбаева. Падрыхтаваўшыся да 2024 года, пры іх даволі вялікіх фінансавых рэсурсах, яны могуць арганізаваць свае палітычныя партыі, раскруціць сваіх палітычных кандыдатаў і стварыць палітычную магутную дэстабілізацыю ў краіне.

Вось чаму, на мой погляд, Такаеў вырашыў зладзіць датэрміновыя прэзідэнцкія выбары. Пры гэтым сам факт, што яны былі датэрміновыя, кажа пра тое, што да іх ніхто не паспеў падрыхтавацца.

Было шэсць кандыдатаў, сярод якіх сам Такаеў. Астатнія пяць кандыдатаў абсалютна невядомыя шырокай грамадскасці людзі. Яны ніколі не пазіцыянавалі сябе як публічныя палітыкі.

Адміністрацыя прэзідэнта, мяркуючы з усяго, выбрала іх, зыходзячы з пэўных штучных электаральных ніш. Аднаго кандыдата яна "паставіла" як прадстаўніка сельскай мясцовасці. У гэтых выбарах удзельнічалі таксама дзве жанчыны хутчэй для стварэння іміджу гендарнай актыўнасці ў Казахстане. Хоць на выбарах 2019 года была толькі адна жанчына, цяпер дзве.

Пры гэтым ніводны з гэтых кандыдатаў не меў ніякай папулярнасці ў грамадстве і ніякай падтрымкі. Іх асноўная задача была стварыць масоўку, граць ролю статыстаў.

Другая праблема у Казахстане няма моцнай аб'яднанай апазіцыі. Адны казалі, што выбары трэба байкатаваць, іншыя што трэба ўдзельнічаць на ўчастках праз незалежных назіральнікаў. То бок быў пэўны разлад, датычны тактыкі і стратэгіі апазіцыі. Улады гэтым скарысталіся.

Трэба сказаць, што на выбарчыя ўчасткі ў асноўным прыйшлі прыхільнікі Такаева. А пратэсная частка казахстанскага грамадства альбо не прыйшла на выбары, альбо прагаласавала ў графе "супраць усіх".                    

Дарэчы, у выніку гэты варыянт апярэдзіў усіх кандыдатаў, якія ішлі за Такаевым. Гэта таксама пэўны паказчык таго, што пратэсныя настроі ёсць і яны сур'ёзныя.

Але ўлічваючы тое, што не было апазіцыйных кандыдатаў, значная пратэсная частка грамадства проста не пайшла на выбары. І ў гэтым, дарэчы, ёсць праблема для самой улады.

Калі б выбары праходзілі канкурэнта, яны б гэтыя настроі паказалі. Тады б улада выразна бачыла, колькі рэальна адсоткаў атрымлівае апазіцыя. А так выходзіць, што галоўнае правесці выбары. Галоўнае — каб кампанія здалася канкурэнтнай, але пры гэтым асноўная задача, вядома ж, захаваць уладу і ўтрымаць яе яшчэ на сем гадоў.

Еўрарадыё: Мы чыталі, што назіральнікі ацанілі выбары як "дрэнна" і "вельмі дрэнна", у тым ліку таму, што быў вельмі дзіўны падлік галасоў.

Дасым Сатпаеў: Гэта вельмі важны момант, бо ў Казахстане дзейнічае знаёмы многім прынцып: не важна, хто як галасуе, а важна, хто як лічыць галасы. Ён быў пры назарбаеўскай сістэме і застаўся пры такаеўскай. Чаму?

Таму што ўся выбарчая сістэма знаходзіцца пад кантролем выканаўчай галіны ўлады. І ў тым ліку, прэзідэнта. Таму што прэзідэнт, нягледзячы нават на ўсе гэтыя канстытуцыйныя папраўкі пад лозунгамі дэмакратызацыі, працягвае кантраляваць ЦВК. Ён прызначае яе старшыню. Мясцовыя выбарчыя ўчастковыя камісіі складаюцца з настаўнікаў людзей у значнай ступені паднявольных. Галоўнымі там з'яўляюцца дырэктары школ. Участковыя камісіі залежаць ад абласных. Увесь гэты ланцужок больш завязаны на інтарэс улады.

На ўсіх выбарах у Казахстане была самая вялікая праблема па выніках галасаванняў з пратаколамі. Гэта значыць, гэтыя пратаколы не выстаўляліся адразу, часта іх не давалі паглядзець назіральнікам, не было хуткіх публікацый на тым жа сайце ЦВК, каб усе бачылі вынікі. Гэта значыць, менавіта гэтая фаза падліку галасоў і складання пратаколаў — яна ўвесь час была чорнай скрыняй у выбарчай сістэме Казахстана. Мяркуючы з усяго, гэта адбывалася і цяпер.

Але тут важны момант: калі зыходзіць з таго, што на выбары прыйшлі ў асноўным прыхільнікі Такаева і бюджэтнікі, а таксама тыя людзі, якім проста сказалі прагаласаваць за яго, зразумела, што працэнтаў не можа быць менш, чым на папярэдніх выбарах. Але ў любым выпадку, уся выбарчая сістэма Казахстана не з'яўляецца празрыстай і, у першую чаргу, для незалежных назіральнікаў.

Еўрарадыё: Быццам гаворым пра Беларусь... Добра, уявім, што сем наступных гадоў Такаеў прэзідэнт. Ці зможа ён потым абнуліцца, каб кіраваць далей, як гэта раней здарылася з Назарбаевым? Ці зможа Такаеў пабудаваць сваю імперыю паводле матываў назарбаеўскай?

Дасым Сатпаеў: Вы правільна адзначылі, што ў нас вельмі падобныя рысы. Беларусь пры Лукашэнку і Казахстан — гэта аўтарытарныя сістэмы. Але аўтарытарызм бывае таксама, вядома, розным. У адных краінах ён больш жорсткі, у іншых — менш. Але асноўныя рысы застаюцца: канцэнтрацыя ўлады ў руках аднаго чалавека альбо яго світы, якая "робіць караля", і пры гэтым спроба пралангіраваць сваё знаходжанне ва ўладзе праз розныя механізмы (рэферэндумы, канстытуцыйныя змены, бясконцыя выбары).

Важны момант: Такаеў узяў сабе сем гадоў, але не факт, вядома, што ён адсядзіць да канца гэтага тэрміну. Зразумела, што паводле кітайскіх мерак ён усё яшчэ юнак, але сёлета яму 69. Калі гіпатэтычна ўявіць, што ён адседзіць гэтыя сем гадоў, будзе вельмі вялікая рызыка, што ён трапіць у тую ж пастку, у якую трапіў Назарбаеў, а менавіта стане закладнікам свайго атачэння.

Як вы ведаеце, у аўтарытарных сістэмах атачэнне такога лідара не зацікаўленае ні ў якіх зменах. Свае паўнамоцтвы яны атрымалі дзякуючы свайму лідару і таму будуць усімі сіламі старацца, каб ён даўжэй заставаўся пры ўладзе, бо прыход новага аўтарытарнага кіраўніка можа прывесці да чыстак. Такаеў жа зладзіў частковую чыстку атачэння прэзідэнта Назарбаева.

І тут узнікае ключавое пытанне ці можна праводзіць рэформы ў Казахстане, калі ў цябе няма групы рэфарматараў? У Такаева такой групы няма. Касцяк яго атачэння трымаецца на людзях, якіх ён ведае, якія да яго лаяльныя, з кім ён калісьці працаваў.

Прыцягненне да свайго кола іншых людзей, хай яны і крытыкуюць, але з'яўляюцца прафесіяналамі, можа палепшыць сістэму ў Казахстане. Калі Такаеў не будзе рухацца ў гэтым кірунку, яна будзе такой жа, як назарбаеўская. І тады ў Казахстане зможа адбыцца новы студзень, як гэта было ў пачатку гэтага года.

Калі Такаеў не зможа стварыць у Казахстане моцныя палітычныя інстытуты і, самае галоўнае, моцную незалежную некарумпаваную судовую ўладу, якая б гарантавала пэўнае захаванне законаў і захаванне пэўнага правапарадку, то з зыходам Такаева гэта можа прывесці да дэстабілізацыі ў краіне.

Зноў жа, хто б ні зрабіўся ў выніку кіраўніком Казахстана, ён будзе прадстаўляць інтарэсы канкрэтнай элітнай групы, а не электарат.

Токаев переплюнул Лукашенко: что ждет Казахстан через семь лет
Казахстан / pragueprocess.eu

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі