У Беларусі прынялі пастанову па перавозчыках з Арменіі, Кыргызстана і Казахстана
"Гульні" з грузаперавозкамі працягваюцца
У Беларусі прынялі пастанову па перавозчыках з Арменіі, Кыргызстана і Казахстана. Мінтранс ім дазволіў заязджаць у пункты перагрузкі і перачэпкі "для здзяйснення грузавых аперацый". Адпаведны дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале РБ.
Пасля таго, як краіны Еўрасаюза забаранілі грузаперавозкі аўтатранспартам, зарэгістраваным у РБ і РФ, вясной 2022-га рэжым Аляксандра Лукашэнкі адказаў забаронай на аўтатранспарт, зарэгістраваны ў ЕС. Але былі вызначаны месцы для перачэпкі або перагрузкі грузаў у Беларусі. У 2023-м Мінтранс Беларусі дазволіў уезд у згаданыя пункты толькі для аўтамабіляў, зарэгістраваных у РБ і РФ.
Казахстан для беларускіх перавозчыкаў у траўні мінулага года выдаў дазвол да 1 студзеня 2024-га на транспарціроўку грузаў трэціх краін шляхам перачэпкі або перагрузкі на беларускай тэрыторыі, аднак у выніку датэрмінова яго скасаваў. У лютым сёлета Казахстан зноў дазволіў перавозчыкам з краін ЕАЭС да 1 студзеня 2025-га выконваць дастаўку грузаў з выкарыстаннем згаданых аперацый перагрузкі і перачэпкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.