Тэа: Гэта прарыў, што песня на беларускай, але выключна для нас, для беларусаў

Тэа: Гэта прарыў, што песня на беларускай, але выключна для нас, для беларусаў

Фіналіст “Еўрабачання-2014”, спявак і тэлевядучы Тэа завітаў у студыю Еўрарадыё каб падзяліцца ўражаннямі ад паўфінальнага выступу сёлятніх прадстаўнікоў Беларусі Naviband. Паралельна артыст распавёў пра складанасці жыцця ва ўмовах падрыхтоўкі да конкурсу, безліч рэпетыцый, сарваныя галасы, хваляванне і недахоп выбуховых музычных падзей у Беларусі.

Цалкам размову глядзіце тут:

А вось некаторыя цытаты Тэа:

Так атрымалася, што перад выступам нашых рабят адбылося пэўная музычная аднолькавасць у некалькіх нумарах, таму з’яўленне на сцэне беларусаў было літаральна як выбух.

Параўноўваючы з выступам на нацыянальным адборы, мне падалося, што нумар іх крыху паставіў у нейкія незаўважныя рамкі, якія крыху перашкаджалі.

Дух міжнароднага спаборніцтва ― гэта нядрэнна, але ў нас, мне падаецца, ён злёгку перабольшаны! Ніхто ж не можа забараніць слухачам кагосьці слухаць. Проста ў нас, відаць, не хапае выбуховых момантаў у музычным асяроддзі.

Мяне радуе, што нарэшце знік гэты ненавісны мне “еўрафармат еўрапесні”, які ў нас паўсюль прасоўвалі. То бок цяпер гучыць музыка, якая актуальная, якая гучыць на радыё і музычных каналах.

Шчыра кажучы, гэта конкурс эмоцыі, а не песні. Ён успрымаецца праз тэлебачанне. Тое, што гледача зачэпіць, тое і стане асновай галасавання за выканаўцу.

Прагнозы ― справа няўдзячная. Я магу толькі пажадаць Naviband высокага месца ў фінале, і я перакананы, што яно ў іх будзе. Ім толькі трэба расслабіцца і добра выканаць песню.

Трэба двойчы бездакорна выканаць свой нумар, бо першы раз яго глядзць сябры журы, а на другі дзень ужо гледачы. А паміж гэтым яшчэ ранішнія і дзённыя рэпетыцыі, прэс-канферэнцыі, фотасессіі… Карацей, рабяты цяпер знаходзяцца на мяжы магчымасцяў.

Не думаю, што беларуская мова можа паўплываць на вынікі конкурсу. Гэта добра, гэта прарыў, што мы павезлі песню на беларускай мове, але выключна для нас, для беларусаў.

Я Капенгаген убачыў толькі з вакна сваёй гасцініцы, бо жыў на 22 паверсе,і адтуль было добра бачна горад. Часу не было нават наведаць самыя папулярныя турыстычныя месцы.

Ужо час Беларусі заяўляць на конкурс артыстаў, якіх мы яшчэ не ведаем, але хутка даведаемся, і даведаецца ўся Еўропа. Бо ў нас вельмі многа таленавітай моладзі, якая мусіць гучна пра сябе заявіць.

Фінал "Еўрабачання-2017" пройдзе ў суботу 13 траўня. Беларусы выступяць пад нумарам тры.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі