Тэатр юнага гледача, якім кіруе ўдава Макея, пакінула адна з галоўных зорак
Вера Кавалерава
Актрыса Вера Кавалерава пакінула Рэспубліканскі тэатр юнага гледача, якім кіруе Вера Палякова-Макей — удава экс-міністра замежных спраў Уладзіміра Макея. Інфармацыя пра звальненне актрысы з'явілася ў сацыяльных сетках калектыву.
У ТЮГу адзначылі, што Вера Кавалерава сыграла каля сотні роляў, "многія з якіх сталі дасягненнем беларускага сцэнічнага мастацтва і высока адзначаны крытыкай і тэатральнай грамадскасцю".
Прычынай звальнення акторкі называюць стан здароўя: "І хоць сёння Вера Ільінічна вымушана пакінуць сцэну па стане здароўя, яе яркі талент і адданасць справе назаўжды застануцца ў нашых сэрцах. Мы з нецярпеннем чакаем вяртання любімай актрысы і верым, што яна яшчэ не раз парадуе нас сваім майстэрствам!".
Між тым "Зеркало" заўважыла, што на сайце тэатра пазначаны ўдзел Кавалеравай у васьмі спектаклях і яна планавала выходзіць на сцэну пасля адкрыцця сезона.
Вера Кавалерава працавала ў ТЮГу з 1985 года. У 1991-м яна атрымала званне заслужанай артысткі Беларусі.
Таксама акторка здымалася ў кіно ("Горад майстроў", "Эпілог", "На спіне ў чорнага ката" ды інш.) і агучыла больш за 70 мультыплікацыйных стужак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.