Тэнісістка Аляксандра Сасновіч выйшла ў 1/16 фіналу Australian Open
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч (56-ая ў рэйтынгу WTA) атрымала другую перамогу на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі. Як адзначае БЕЛТА, яна ўпершыню ў кар'еры выйшла ў трэці раўнд гэтага турніру.
У паядынку 1/32 фіналу Сасновіч абыграла 30-ю ракетку планеты харвацкую тэнісістку Мір'яну Лучыч-Бароні — 6:3, 6:1. Гульня працягвалася 56 хвілінаў.
У першай сустрэчы Сасновіч перамагла Крысціну Макхейл з ЗША (73). У 1/16 фіналу супраць беларускі выйдзе восьмая ракетка свету — францужанка Каралін Гарсія.
У першым раўндзе мужчынскага парнага разраду сёння беларус Андрэй Васілеўскі і чыліец Ханс Падліпнік-Касцільё гуляюць супраць аргенцінскай пары Гвіда Пелья / Дыега Шварцман.
Беларус Максім Мірны ў тандэме з аўстрыйцам Філіпам Освальдам у 1/16 фіналу сустрэнуцца з амерыканскімі братамі-блізнятамі Бобам і Майкам Браянамі.