Трамп, “Дзюна”, зніклая прынцэса і кошты на шакалад: што хвалюе свет — #ІхНоравы

Свет хвалююць амерыканскія выбары і навінкі кіно

Свет хвалююць амерыканскія выбары і навінкі кіно / @rubanau_collage

Апошнія дні сацсеткі разрываюцца між абмеркаваннем перспектыў Дональда Трампа зноў стаць прэзідэнтам ЗША і канспіралагічнымі тэорыямі пра знікненне з публічнай прасторы прынцэсы Уэльскай Кейт Мідлтан. Сусветныя СМІ пішуць пра будучы шакаладны крызіс, у якім вінавацяць кліматычныя праблемы. Тут да месца прыйшлася ашаламляльна паспяховая другая частка амаль трохгадзіннага касмічнага эпасу “Дзюна” — якраз пра барацьбу за ўладу і адносіны да прыроды.

ЗША сталі на крок бліжэйшыя да рэваншу Трампа

У ЗША падвялі вынікі “супераўторка” — адной з самых важных падзей 2024 года. Гэта праймерыз перад прэзідэнцкімі выбарамі ў лістападзе. Хоць па факце не такі ўжо і “супер” быў гэты аўторак. Вынік унутрыпартыйных выбараў у 15 штатах і на адной амерыканскай тэрыторыі аказаўся даволі прадказальным. Мільёны амерыканцаў вызначыліся наконт кандыдатаў ад партый, якім яны сімпатызуюць.

Барацьба за Белы дом разгортваецца перад дэмакратам Джо Байдэнам, дзеючым кіраўніком дзяржавы, і рэспубліканцам Дональдам Трампам, які марыць узяць рэванш за паразу чатырохгадовай даўніны.

Па выніках “супераўторка” Нікі Хэйлі аб’явіла, што выбывае з гонкі за намінацыю на кандыдата ў прэзідэнты ЗША.

Што ж да Байдэна, то для яго ўдзел у гэтых праймерыз — фармальнасць. Яго, згодна з вынікамі праймерыз і рэзультатамі экзіт-полаў, падтрымлівае абсалютная большасць выбаршчыкаў у ЗША. Яго адзіны апанент ад партыі дэмакратаў Дзін Філіпс максімальна здабыў толькі 10% галасоў і толькі ў адным штаце Мэн.

Другая “Дзюна” акупілася за тыдзень

Гэта самая эпічная прэм'ера гэтага года. Другая частка фільма рэжысёра Дэні Вільнёва “Дзюна” выйшла ў пракат 1 сакавіка — і, па абноўленых звестках, ужо на зборах амаль адбіла бюджэт у 190 мільёнаў долараў.

Трамп, “Дзюна”, зніклая прынцэса і кошты на шакалад: што хвалюе свет — #ІхНоравы
"Дзюна: частка другая" мае шалёную папулярнасць у свеце / Niko Tavernise, Warner Bros. Pictures

Сіквэл па папулярнасці абышоў нават першы фільм, які паказалі на экранах у 2021 годзе. А з часоў мінулагодняга фільма-канцэрта новай сусветнай поп-зоркі Тэйлар Свіфт, які сабраў 93 млн долараў, гэта самы ўдалы старт навінкі у сусветным кіно ў гэтым годзе.

Эксперты прагназуюць, што фінальныя зборы складуць каля 600-700 млн долараў. А гэта на ўзроўні фільмаў “Чалавек-павук” і “Мсціўцы”, з той толькі розніцай, што “Дзюна”, усё ж, грае ў вышэйшай лізе ў параўнанні з коміксамі. А ў катэгорыі эпічнай навуковай фантастыкі фільм Вільнёва дыхае ў спіну “Аватару” і наступае на пяткі “Зорным войнам”.

Ласуны, падрыхтавацца! Шакалад падаражэе

Пра гэта мала хто задумваецца, але наша прыхільнасць да ласункаў, у прыватнасці, да шакалада, залежыць не толькі ад нашай сілы волі, але і ад непагадзі!

У Афрыцы, якая пастаўляе свету какава-бабы, неўраджай. Праз дрэннае надвор’е расліны хварэюць на грыбок — ён літаральна зжырае нашыя з вамі будучыя шакаладкі.

Адпаведна, кошты на какаву ўзлятаюць да нябёсаў. Іх ужо нават складана кантраляваць — тавар у дэфіцыце, і пастаўшчыкі толькі сёлета задралі кошты аж да 55% ад тых, што былі ў мінулым сезоне. А за апошнія паўтары гады какава падаражэла ўтрая.

І калі дагэтуль спажывальнікі шакаладу асабліва не заўважалі ні дэфіцыту, ні атамных коштаў на цукеркі, то цалкам верагодна, што менавіта ў 2024 годзе звычайныя людзі пачнуць задумвацца пра кліматычныя праблемы каля паліц з шакаладам у крамах.

Бо вытворцы вычарпаюць свае запасы, купленыя яшчэ, лічы, задарма — і пачнуць купляць дарагія какава-бабы. Гэта дакладна адаб’ецца і на коштах на прадукцыю, і на асартыменце.

Чаму ж думаць трэба пра клімат? Бо ў Заходняй Афрыцы была спачатку засуха, а потым бясконцыя дажджы, якія і справакавалі развіццё хвароб і гібель ураджаю. А ўплывае на гэтыя працэсы такая з’ява ў Ціхім акіяне, як Эль-Ніньё, які мяняе тэмпературу вады і, адпаведна, уплывае на надвор’е ў гэтай частцы свету.

Дзе Кейт?!

Апошняе, што прыхільнікі брытанскай каралеўскай сям’і і медыі ведалі пра прынцэсу Уэльскую Кейт Мідлтан, жонку спадкаемцы каралеўскага прастолу Уільяма — што яна два месяцы таму перанесла аперацыю на жываце. Потым было паведамленне, што Уільям адмяніў нейкі важны візіт, бо быў патрэбны сям’і. Затым — што Кейт некаторы час не будзе ўдзельнічаць у публічных мерапрыемствах, бо аднаўляе здароўе.

І амаль два месяцы пра яе не было ні слуху, ні духу. Кейт шукалі ўсім інтэрнэтам!

Любіміца публікі вернецца да сваіх абавязкаў пасля Вялікадня, абяцае каралеўская прэс-служба. Але ў сацсетках за час яе адсутнасці распаўзліся розныя чуткі і канспіралагічныя тэорыі. Асабліва на фоне хваробы караля Карла III на рак і ігнараванне Уільямам пытанняў пра стан здароўя жонкі.

Напрыклад, людзі пляткараць пра яе магчымы развод з Уільямам і нават пабоі ад яго, пра цяжкую хваробу і нават кому, хоць аперацыя была планавая. Ёсць і яшчэ больш неверагодныя версіі: напрыклад, што Кейт зацяжарыла ад нейкага другараднага члена каралеўскай сям’і і таемна ўцякла.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі