Trubetskoy адмовіцца ад песень Міхалка
Пра гэта гурт паведаміў у афіцыйным звароце пасля таго, як былы калега назваў іх "сепаратыстамі і рэйдэрамі".
Гурт Trubetskoy звярнуўся да публікі і заявіў, што збіраецца адмовіцца да выканання песень "Ляпіса Трубяцкога".
Прычынай гэтага стала паведамленне Сяргея Міхалка, у якім музыка кажа наступнае: "Лічу гурт Трубецкой незаконнымі сепаратыстамі і рэйдэрамі, якія захапілі спадчыну Вялікага гурта “Ляпіс Трубяцкой”!!! Лічу, што яны не мусяць выконваць песні, якія склаў Я (Міхалок Сяргей Уладзіміравіч)! Няхай возьмуць новую назву і спяваюць свае песні!"
У адказ Trubetskoy на чале з Паўлам Булатнікавым зрабіў заяву, паводле якой гурт збіраецца адмовіцца ад ляпісаўскай спадчыны як толькі адыграе ўсе ўжо запланаваныя канцэрты:
"Год таму мы — удзельнікі і менеджмент гурта Trubetskoy — абмяркоўвалі пост-ляпісаўскую будучыню разам з Сяргеем Міхалком. У той час Міхалок казаў, што не жадае мець нічога агульнага ні з апастылымі яму "Ляпісамі", ні з іх рэпертуарам. Ён быў не тое, каб праціўнікам, але найактыўнейшым прыхільнікам таго, каб непатрэбныя яму песні "Ляпіса Трубяцкога" выконваліся новым гуртом Паўла Булатнікава пад назвай Trubetskoy.
Мы, несумненна, паважаем меркаванне Сяргея, як аўтара песень, якія выконваем, нават калі гэта меркаванне змяняецца так часта і так радыкальна. Мы не хочам выконваць песні Міхалка, калі ён адчувае да нас такую моцную асабістую непрыязнасць.
Але! У нас ужо запланаваны шэраг выступаў у розных гарадах і на некаторых фестывалях, пра якія мы дамаўляліся, будучы не ў курсе, што Сяргей Міхалок так лёгка адмаўляецца ад сваіх слоў і абяцанняў. Мы анансавалі выкананне песень "Ляпісаў", публіка іх чакае, арганізатары запусцілі рэкламу. Нам не хочацца падстаўляць і расчароўваць ўсіх гэтых людзей. Таму мы адыграем ўжо запланаваныя канцэрты з анансаванай праграмай, а ў далейшым песні "Ляпісаў" публічна выконваць не збіраемся".
Тым часам, папаўняючы ўласны рэпертуар, Trubetskoy прэзентаваў новы беларускамоўны сінгл "Прывітанне ўсім наогул".