Trubetskoy прэзентаваў фільм "Trubetskoy. The Band" (глядзець)

26 студзеня гурт Trubetskoy прадставіў музычны фільм "Trubetskoy. The Band", зняты творчым аб’яднаннем "Дзеці сонца" на віленскай студыі саўнд-прадзюсара Снорэ Бергеруда. У яго ўвайшлі музычныя нумары і інтэрв’ю з усімі ўдзельнікамі гурта, у якіх яны распавядаюць адзін пра аднаго і пра свой праект, а таксама адказваюць, чаму распаліся "Ляпісы".


"Калі гурт "Ляпіс Трубяцкі" выходзіў на сцэну, мы бачылі семярых чалавек. Але інтэрв’ю ад імя каманды даваў толькі адзін, Сяргей Міхалок, — узгадвае былы піяршчык "Ляпісаў" і цяперашні прэс-аташэ гурта Trubetskoy Аляксандр Бергер. — У нашым новым калектыве іншы падыход да стасункаў са светам. Мне падалося правільным, зрабіць інтэрв’ю не толькі з Пашам, як фронтмэнам гурта, але і з Русланам Уладыкам, які граў у "Ляпісах" са дня заснавання, і з Аляксандрам Старажуком, які аддаў "Ляпісу Трубяцкому" 10 гадоў свайго жыцця. Карацей, як мы тут жартуем паміж сабой, слоганам гэтага фільма павінныя былі стаць словы "яны маўчалі 25 гадоў"".


Акрамя фільма ў Інтэрнэце таксама прадстаўленая поўная версія студыйнага канцэрта Trubetskoy у Вільні. У сэт-ліст увайшлі 7 трэкаў: сыграныя на новы лад "Виноградная лоза", "Евпатория", "Котик", "Нафта" і "Рамонкi" з рэпертуара "Ляпісаў", а тасама ўласныя песні гурта Trubetskoy – "Ёлкі" і "Don’t Touch My Bass".


Нагадаем, 13 лютага Trubetskoy выступіць на фестывалі Еўрарадыё "Даём рады". Пасля гэтага каманда выправіцца ў тур па Беларусі: музыкі выступяць у Гомелі (14 лютага), Гродна (20 лютага), Віцебску (21 лютага), Магілёве (14 сакавіка). Пазней Trubetskoy можна будзе пабачыць у Стакгольме, Маскве, Разані, Іванаве і Ніжнім Ноўгарадзе.

Студыйны канцэрт гурта можна паглядзець тут.

Фота: trubeckoy.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі