У 2016 — 133, у 2018 — 8: ці варта баяцца эпідэміі адру ў Беларусі
У Беларусі зарэгістравана восем афіцыйна пацверджаных выпадкаў захворвання на адзёр. Пяць з іх — у дзяцей. У першым выпадку бацькі адмовіліся ад прышчэпак, у другім — паўтарагадовая дзяўчынка мела адвод ад вакцынацыі па медыцынскіх паказчыках.
Натуральна, што сітуацыя актыўна абмяркоўваецца. Многія панікуюць і задаюцца пытаннямі, што рабіць пры эпідэміі ў выпадку медадводаў, ці трэба паўторна прышчапляцца, калі ад моманту апошняй вакцынацыі прайшло 25 гадоў, ці варта ўвогуле баяцца выбуху захворвання. Усе гэтыя пытанні Еўрарадыё задало Уладзіміру Пашковічу — загадчыку аддзела эпідэміялогіі "Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя".
"Калі дзіця мае медадвод ад прышчэпкі з-за часовай хваробы, то варта прышчапіцца адразу, як толькі дазволіць доктар. У выпадку, калі гэта хвароба, якая выключае прышчэпкі, бацькам варта пракансультавацца ў спецыялістаў.
Калі чалавеку, згодна з календаром вакцынацыі, зрабілі прышчэпку ў год і ў шэсць гадоў, то больш прышчапляцца не трэба. Калі чалавек ужо перанёс адзёр, яму баяцца няма чаго — на 99,9% ён абаронены ад хваробы, рэдка нехта захворвае пасля гэтага. У выпадку сумневаў чалавек можа здаць аналіз крыві на антыцелы — па выніках будзе бачна, ці варта чалавеку прышчапляцца яшчэ раз.
Калі чалавек непрышчэплены ці яму была зробленая толькі адна прышчэпка ад адру, яму трэба прайсці вакцынацыю. Інкубацыйны перыяд адру — да трох тыдняў. Калі непрышчэплены чалавек кантактаваў з хворым на адзёр, ён мае вялікую верагоднасць захварэць.
Шпіталізацыя неабходная пры цяжкіх формах адру. У залежнасці ад таго, у якім органе вірус найбольш размнажаецца, хвароба можа даць ускладненні на нервовую сістэму, страўнікава-кішачны тракт, вочы. Але, калі ў хворага нескладаная форма захворвання, лечачы ўрач можа пакінуць яго дома. Тым больш, лячэнне — сімптаматычнае: зняць тэмпературу, інтаксікацыю, сверб.
Панікаваць нельга. У Беларусі падтрымліваецца нармальная імунная праслойка ад адру, прышчэплена 98% насельніцтва. Таму хваробы трэба баяцца толькі тым, хто не прышчэплены, асабліва дзецям. Але ў наш час не разумна хварэць на тую хваробу, супраць якой маецца вакцына, дастаткова эфектыўная і бяспечная".
Апошні раз выбух адру ў Беларусі быў зафіксаваны ў 2006 годзе. Тады было выяўлена 149 выпадкаў, прычым, больш хварэлі дарослыя, у медыцынскіх картках якіх адсутнічалі дадзеныя пра вакцынацыю.
У 2010 годзе ў Беларусі было зафіксавана 10 пацверджаных выпадкаў заражэннем адром, у 2012 — 16, у 2016 — 133 (толькі 10 хворых былі беларусамі), у 2017 — адзін выпадак "завезенага" адру.
Фота Уладзіміра Пашковіча — СТВ