У аэрапорце пачалі браць адбіткі пальцаў, якія трапляюць у базу міліцыі

У аэрапорце пачалі браць адбіткі пальцаў, якія трапляюць у базу міліцыі

У Нацыянальным аэрапорце Мінск у тэставым рэжыме запрацавала электронная брама. У перспектыве яна дазволіць праходзіць пашпартны кантроль без удзелу памежнікаў.

Працэс яе праходжання такі: скануецца апошняя старонка пашпарта з фотаздымкам, робіцца фота твару пасажыра, бяруцца яго адбіткі ўказальных пальцаў.

“Проста адбываецца фатаграфаванне і ідэнтыфікацыя з параметрамі, якія закладзеныя ў пашпарце. Да таго ж пры біяметрычных характарыстыках пашпарта магчымая работа па ідэнтыфікацыі і з імі”, — тлумачыць Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Аляксандр Цішчанка.

Як даведалася Еўрарадыё, адбіткі пальцаў пасажыра, якія ён пакідае на сканеры ў электроннай браме, адразу трапляюць у агульную базу Памежнага камітэта, а таксама ў базу… Міністэрства унутраных спраў.

Пакуль дакладна невядома, колькі будзе ладзіцца гэтае тэставанне, “паўгода дык дакладна”. Мэта ў тым, каб сістэма была цалкам сінхранізаваная з аўтаматызаванай сістэмай памежнага кантролю, сістэмай, якая шукае асобаў у вышуку і г.д.

У аэрапорце пачалі браць адбіткі пальцаў, якія трапляюць у базу міліцыі
Фота: dev.by

Цяпер электронныя брамы стаяць перад некалькімі кабінамі памежнага кантролю ў мінскім аэрапорце: як на вылет, так і на прылёт. Калі вы трапляеце ў чаргу менавіта да такіх кабінаў, вам будзе прапанавана спачатку прайсці праз кантроль электроннай брамы, а потым яшчэ і праз кантроль памежніка, які правярае, каб машына не зрабіла памылку. Гэта можа падоўжыць праходжанне мяжы. Але пакуль такая брама працуе ў тэставым рэжыме, ад праходжання праз яе можна адмовіцца.

“Можна не праходзіць браму, а адразу аддаваць дакументы памежніку. Я сам не так даўно праходзіў памежны кантроль, там таксама была гэтая брама, але я прайшоў памежны кантроль, абмінуўшы браму. Тут сітуацыя такая: хочаш — праходзіш, хочаш — не. Бо гэта неабавязкова”, — гаворыць Цішчанка.

Электронная брама будзе ўведзеная ў Беларусі з перспектывай пераходу на біяметрычныя пашпарты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі