У аўторак агучаць прысуд бабруйскім рэйкавым партызанам
У аўторак а 10-й гадзіне ў судзе Бабруйскага раёна і Бабруйска агучаць прысуд групе рэйкавых партызанаў. Па справе праходзяць Ігар Казлоў, Канстанцін Ермаловіч, Віталь Мінкевіч, Наталля Кед і Надзея Полькіна. Мужчын абвінавачваюць у "стварэнні арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці", у "акце тэрарызму", "пагрозе здзяйснення акта тэрарызму", "абразе Лукашэнкі". Пракурор просіць для Ермаловіча 17 гадоў пазбаўлення волі, для Мінкевіча — 16 гадоў, для Казлова —15 гадоў калоніі.
Надзеі Полькінай пагражае 2 гады калоніі, а Наталлі Кед — 2 гады "хатняй хіміі". Яны праходзяць па справе аб спальванні пудзіла, у якім сілавікі пабачылі падабенства з Лукашэнкам. Мужчын абвінавачваюць у акцыях жніўня-верасня 2021-га: падкладанні прадмета, падобнага на выбуховае прыстасаванне, на чыгунку пад Бабруйскам і каля "Табакеркі" ў горадзе, а таксама ў спальванні стралковага ціра сілавікоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.