У Бабруйску прайшоў дазволены мітынг за правы і свабоды грамадзян
У Бабруйску сёння, 9 красавіка, прайшоў дазволены ўладамі мітынг за правы і свабоды грамадзян. Каля ўваходу ў спарткомплекс фабрыкі “Славянка” па вуліцы Урыцкага сабралася некалькі дзясяткаў чалавек — раней тыя ж людзі ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту супраць гэтак званага “дэкрэта аб дармаедах”, паведамляе Радыё Свабода.
Мітынгоўцы вылучалі эканамічныя патрабаванні: даць працу і павысіць заробкі. На акцыю прыйшоў намеснік старшыні бабруйскага гарвыканкама Аляксандар Маркачоў. Ён сказаў, што сіутацыя з беспрацоўем напружаная і “праводзіцца сістэмная праца” для вырашэння гэтай праблемы. Тых, хто не можа знайсці працу, ён запрасіў на прыём у гарвыканкам.
“Ёсць прыёмныя дні, прыходзьце. Працуем нават у выходныя. Мы маем намер дапамагчы знайсці працу. А актывісты з Мінску, у прыватнасці Губарэвіч і Рымашэўскі, нам не дапамогуць вырашыць праблему з беспрацоўем”, — сказаў чыноўнік.
На пытанне пра заробкі Аляксандар Маркачоў адказаў: ад 250 да 450 рублёў. “Немагчыма, каб усе атрымлівалі 500 долараў. Заробкі розныя, у залежнасці ад працы. Я свой заробак не хаваю — зарабляю 1000 рублёў”.
Акцыя прайшла без затрыманняў. На мітынгу прысутнічалі старшыня руху “За свабоду” Юрый Губарэвіч, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Віталь Рымашэўскі, лідары прафсаюзнага руху Галіна Смірнова і Рыгор Грык.