У Беларусь хочуць прывабіць турыстаў з краін Персідскага заліва
Турысты з краін Персідскага заліва пакінулі летась ва Украіне больш за ўсіх грошай (у разліку на аднаго чалавека) / hmarochos.kiev.ua
У Беларусь хочуць прывабіць турыстаў з краін Персідскага заліва. Толькі адна сям'я можа выдаць на дзесяцідзённы адпачынак да 10 тысяч долараў, лічаць у Мінску з аглядкай на ўкраінскі досвед. Летась ва Украіне пабывала больш за 35 тысяч гасцей з заліва. Пра тое, як зацікавіць заможных турыстаў з мусульманскіх краін, ішла гаворка на спецыяльнай сустрэчы з удзелам прадстаўнікоў банкаў, грамадскіх аб'яднанняў, турыстычнага і гатэльнага бізнесу краіны. Размова адбылася ў офісе Духоўнага ўпраўлення мусульман Беларусі, піша toursoyuz.by.
Турысты з мусульманскіх краін, як правіла, прыязджаюць на большую колькасць дзён і выдаткоўваюць немалыя сумы, заявіў прадстаўнік аб'яднання "Духоўнае кіраванне мусульман у Рэспубліцы Беларусь" Сяргей Саранчук. Паводле яго слоў, такія турысты звычайна селяцца ў дарагіх гатэлях. Іх цікавіць паляванне, санаторны адпачынак і факты, звязаныя з жыццём мусульман у Беларусі.
Але каб такія турысты паехалі сюды, ім трэба стварыць асяроддзе: забяспечыць даступнасць халяльной ежы і мець у гатэлях халяльныя зоны. Акрамя таго, мала прамых авіярэйсаў і высоказоркавых гатэляў. Саранчук сказаў, што, калі гатэлі і турбізнес будуць настроеныя развівацца ў гэтым кірунку, то яго аб'яднанне гатова дапамагчы з прыцягненнем гасцей з краін Персідскага заліва. На сустрэчы прагучала, што "гэты вектар мог бы зрабіцца кропкай росту для беларускага ўязнога турызму ў цяперашніх рэаліях".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.