У беларусаў з візамі PBH узніклі праблемы пры ўездзе ў Польшчу
Беларусаў з візамі PBH не пускаюць у Польшчу без працоўнага запрашэння ці дамовы
Польскія памежнікі не прапускаюць беларусаў з візамі па праграме Poland Business Harbour, калі тыя не могуць пацвердзіць мэтавае выкарыстанне дакумента. Памежнікі патрабуюць паказаць працоўны кантракту, B2B-дамову ці дакументы на адкрытае ІП.
Пра гэта піша "Медыязона" са спасылкай на кампанію visa_helps, якая займаецца дапамогай у атрыманні віз. Вядома ўжо прынамсі пра трох кліентаў кампаніі, якіх не прапусцілі праз пункт пропуску "Брэст — Цярэспаль". Не выключана, што колькасць беларусаў, не прапушчаных праз мяжу, значна большая.
Таксама ў кампаніі кажуць, што польскія памежнікі забаранілі на шэсць месяцаў наведваць Польшчу аднаму з беларусаў з візай PBH, але без дадатковых дакументаў.
У каментары "Медыязоне" гэтыя звесткі пацвердзіла беларуска, якую не пусцілі ў Польшчу ўчора, 13 лютага. Па яе словах, польскія памежнікі не прапускалі нават тых, хто меў запрашэнне ад працадаўцы.
Яшчэ адзін беларус кажа, што не змог трапіць у Польшчу сёння, 14 лютага, бо не меў працоўнага кантракту. Раней, кажа мужчына, памежнікі прапускалі з візай PBH без дадатковых доказаў. Сёння пры ім не прапусцілі яшчэ чатырох чалавек.
МЗС Польшчы не паведамляў пра змены для ўладальнікаў віз PBH.
Праграму Poland Business Harbour зачынілі ў студзені 2024 года на фоне скандалу з выдачамі віз у Польшчы. Міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі заявіў, што праграма будзе закрытая, пакуль не будуць прынятыя меры для належнай праверкі кампаній і замежнікаў, якія атрымлівалі гэтыя візы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.