У Беларусі адмяняюць пластыкавыя карты для таксафонаў

У Мінску захавалася больш за 100 таксафонаў / sb.by
У Мінску захавалася больш за 100 таксафонаў / sb.by

З 1 студзеня 2022 года аплаціць размову праз таксафон пры дапамозе пластыкавай карты стане немагчыма, паведамілі ў "Белтэлекаме". Скарыстацца такімі карткамі можна толькі да канца года. Потым яны стануць несапраўднымі.

З Новага года патэлефанаваць па таксафоне можна будзе пры дапамозе карт перадаплаты — віртуальнай сэрвіснай тэлефоннай карты або сэрвіснай тэлефоннай карты. Яны дазваляюць тэлефанаваць па горадзе, міжгорадзе, за мяжу і на сеткі сотавай сувязі як з таксафона, так і з мабільнага, і з любога стацыянарнага тэлефона.

Але нават калі карты няма, можна скарыстацца паслугай "Зручны званок з таксафона", нагадалі ў "Белтэлекаме". Для гэтага ў таксафоне трэба набраць нумар 8-11, паведаміць аператару нумар тэлефона абанента, да якога трэба датэлефанавацца. І калі абанент будзе згодны аплаціць размову, то аператар дапаможа са злучэннем. Але гэтая паслуга даступная толькі пры размовах са стацыянарнымі нумарамі. Патэлефанаваць такім чынам на мабільны або па міжгорадзе не атрымаецца.

Таксафоны па-ранейшаму ёсць на мінскім паштамце, на вакзалах, ва ўстановах аховы здароўя, адукацыі, у ваенных частках і іншых сацыяльна значных месцах, нагадалі ў "Белтэлекаме". Год таму газета "Рэспубліка" пісала, што ў Мінску застаўся 131 таксафон.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі