У Беларусі гісторыкаў прымусяць працаваць "у зададзеным напрамку"
"Прыярытэтныя тэмы навуковых даследаванняў, курсавых, дыпломных работ" ужо вызначаны
У Мінску прайшла "навукова-практычная канферэнцыя", прысвечаная дзяржаўнай палітыцы ў сферы гісторыі. На ёй было заяўлена пра неабходнасць "аб'ектыўнага асэнсавання мінулага вопыту, выразнай аб'ектыўнай ацэнкі падзей і ролі асоб у гісторыі беларускай дзяржавы, каб не дапусціць распаўсюджвання дэструктыўных ідэй, якія могуць падарваць краіну ў будучыні". Гэта азначае, што гісторыю будуць працягваць перапісваць.
На канферэнцыі, на якой прысутнічалі навукоўцы, чыноўнікі і прапагандысты, выступіў кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі, генерал КДБ Ігар Сергеенка. Ён гаварыў пра гісторыю як пра "ідэалагічную зброю". Сергеенка нагадаў, што "вызначаны падыходы да фарміравання і ўмацавання дзяржаўных гістарычных канцэптаў, выпрацаваны механізмы іх укаранення ў навучальны працэс ва ўстановах адукацыі і выкарыстання ў арганізацыі ідэалагічнай і выхаваўчай работы з насельніцтвам". Таксама адзначыў, што ўжо разабраліся з экскурсаводамі, з музеямі: "Выпрацаваны новыя падыходы да працы экскурсаводаў, фарміравання музейных экспазіцый, якія закліканы не дапускаць скажэнняў гістарычнай праўды".
"Цяпер наша галоўная задача — пераканаць, а можа, нават і прымусіць гісторыкаў-пачаткоўцаў, даследчыкаў працаваць у зададзеным напрамку, а не перапісваць даўно вядомыя старонкі гісторыі там, дзе прасцей абараніць кандыдацкую дысертацыю", — казаў кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі. І падкрэсліў, што "прыярытэтныя тэмы навуковых даследаванняў, курсавых, дыпломных работ" ужо вызначаны.
А яшчэ рэжым будзе займацца "ўмацаваннем кадравага патэнцыялу" ў адукацыі, паколькі "выхаваць патрыёта можа толькі патрыёт". Яшчэ адно "дасягненне" паводле Ігара Сергеенкі, гэта "выключэнне практыкі выкарыстання лацінкі ў найменні вуліц і тапаграфічных аб'ектаў". З ёй "разбяруцца" да канца года, і расійскія прапагандысты ўжо ўхваляюць такое рашэнне.
Сергеенка абураўся на канферэнцыі, што ў інтэрнэце даступныя публікацыі з іншым поглядам на гісторыю Беларусі, напрыклад, на падзеі Другой сусветнай вайны: "Людзі бачаць, чытаюць, абмяркоўваюць. І, што самае страшнае, пачынаюць сумнявацца. Іх замбіруюць. Шмат у чым губляецца вера ў афіцыйныя крыніцы інфармацыі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.