У Беларусі плануюць увесці падатак з продажу мабільных дадаткаў і онлайн-гульняў
У Беларусі збіраюцца з 2017 года ўвесці падатак з продажу мабільных дадаткаў і онлайн-гульняў. Пра гэта паведаміў першы намеснік міністра па падатках і зборах Ігар Клепча, інфармуе БелаПАН.
Паводле яго слоў, на наступны год у Падатковы кодэкс прапануюць правілы падаткаабкладання электронных паслуг, якія "аказваюцца нерэзідэнтамі грамадзянам нашай краіны". Гэта — продаж мабільных дадаткаў, музычных твораў, электронных кніг, гульняў, фільмаў. Клепча кажа, што гэты від бізнесу актыўна развіваецца, і было вырашана атрымаць у бюджэт падаткі ад такой дзейнасці. Гэта "ў прынцыпе адпавядае сусветнай практыцы", адзначыў чыноўнік. Ён нагададаў, што ў Расіі ўжо прыняты закон, які дазваляе ажыццяўляць падаткаабкладанне падобных аперацый.
Як інфармуе тэлеканал АНТ, плаціць такі падатак давядзецца нават замежным кампаніям, якія будуць аказваць згаданыя паслугі на беларускай тэрыторыі. Чыноўнікі падкрэсліваюць, што гаворка ідзе выключна пра падатак на даданую вартасць. Чакаецца, што будуць выкарыстоўваць стандартную стаўку — 20%. Цяпер прапрацоўваюцца механізмы "найбольш аб'ектыўнага" спагнання ПДВ і з замежных кампаній, і з беларускіх плацельшчыкаў, якія могуць выконваць падатковыя абавязацельствы за замежныя кампаніі.
Гэтыя прапановы сістэматызуюць і накіруюць у Мінфін для наступнага ўключэння ў Падатковы кодэкс, змены ў які яшчэ трэба будзе зацвердзіць у парламенце.