У Беларусі прыдумаюць, як павысіць "узровень патрыятызму" чыноўнікаў

Фота мае ілюстрацыйны характар

Фота мае ілюстрацыйны характар / Зеркало

У Беларусі прыдумаюць, як павысіць "узровень патрыятызму" чыноўнікаў. Гэта вынікае з пастановы Савета міністраў № 271 ад 10 красавіка 2024 года, на якую звярнуў увагу праект "Позірк".

Так, у 2025 годзе "правілы карпаратыўнай этыкі ў дзяржаўных органах", у тым ліку механізмы "павышэння ўзроўню грамадзянскасці і патрыятызму работнікаў", павінна распрацаваць Акадэмія кіравання. 13 красавіка з'явіўся нават спецыяльны дакумент, які зацвярджае комплекс мерапрыемстваў па рэалізацыі Канцэпцыі дзяржаўнай кадравай палітыкі да 2030 года.

Удзельнічаць у рашэнні задачы будзе і Адміністрацыі прэзідэнта. Там паспрабуюць удасканаліць кантрактную форму найму "ў мэтах матывацыі работнікаў да працяглых працоўных адносін". Белстат прааналізуе "колькасны і якасны склад кадраў дзяржаўнай грамадзянскай службы". Акрамя таго, будзе вывучаны "сусветны досвед прымянення інстытута ратацыі" на дзяржслужбе, пасля чаго выпрацаваны адпаведныя прапановы для Беларусі.

Не застануцца без працы і Мінінфармацыі з Белтэлерадыёкампаніяй. Яны і мясцовыя органы ўлады зоймуцца "папулярызацыяй прафесій, найбольш запатрабаваных на рынку працы". А Мінархітэктуры, Мінсяльгасхарч, аблвыканкамы і "Беларусбанк" прапрацуюць пытанні аб выдачы ільготных крэдытаў па-за чаргой. Напрыклад, маладым спецыялістам, накіраваным у сельскую мясцовасць — на куплю свайго жылля. Альбо сяльгасарганізацыям — на будаўніцтва ці набыццё памяшканняў, якія стануць арэндным жыллём для моладзі.

Міністэрствы фінансаў, эканомікі і сацабароны павінны будуць прыдумаць, што рабіць з заробкамі — каб усё было справядліва.

Паводле задумы ўладаў, рэалізацыя гэтай праграмы ўмацуе "ролю і прэстыж дзяржаўнай службы ў грамадстве" і забяспечыць "стабільнасць дзяржапарату".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі