У Беларусі ствараюць Савет па забеспячэнні тэхналагічнага суверэнітэту

Бульба на выставе "Беларусь інтэлектуальная"

Бульба на выставе "Беларусь інтэлектуальная" / БЕЛТА

Што рабіць з недахопам тавараў і тэхналогій у Беларусі, будзе вырашаць спецыяльны Міжведамасны савет па забеспячэнні тэхналагічнага суверэнітэту. Стварэнне такога органа прадугледжана пастановай урада Беларусі. Дакумент апублікаваны сёння на Нацыянальным прававым партале.

Пад тэхналагічным суверэнітэтам разумеецца "здольнасць Рэспублікі Беларусь валодаць важнымі для забеспячэння дабрабыту насельніцтва і канкурэнтаздольнасці крытычнымі тэхналогіямі (таварамі), а таксама магчымасць іх самастойна распрацоўваць або атрымліваць ад эканомік іншых краін без аднабаковай структурнай залежнасці". Першапачатковага спісу крытычных тэхналогій і тавараў у пастанове няма. Савет павінен сфармаваць яго на працягу месяца. А далей Савет будзе збірацца два разы на год і разглядаць прапановы разнастайных дзяржорганаў, якіх тавараў і тэхналогій не хапае. Заяўкі трэба будзе падаваць у Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях (ДКНТ), ён жа двойчы ў год будзе арганізоўваць пасяджэнні Савета. У заяўцы, акрамя ўказанні дэфіцытнага тавару і тэхналогіі, павінны быць указаны тэрміны распрацоўкі, адказныя выканаўцы і суб'екты гаспадарання, здольныя ажыццявіць праект, і тэхніка-эканамічныя абгрунтаванні. Савет будзе прымаць рашэнне, а ДКНТ затым уносіць у Саўмін праект пастановы аб дапаўненні пераліку крытычных тэхналогій.

Акрамя старшыні Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях, у склад Савета ўвайшлі таксама прадстаўнікі Камітэта судовых экспертыз, Мінбудрхітэктуры, Мінадукацыі, Мінлясгаса, Мінтранса, МУС, Мінпрама, Мінэнэрга, канцэрнаў, Дзяржкамваенпрама, Мінсувязі, Генштаба, Мінсельгасхарча, ААЦ, Мінэканомікі, Акадэміі навук. Узначаліць Савет віцэ-прэм'ер Пётр Пархомчык.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі