У Беларусі за захоўванне кактэйлю Молатава ўведзеная крымінальная адказнасць
У аўторак, 3 траўня, набыў моц закон "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь". У прыватнасці, гэты закон уводзіць крымінальную адказнасць за захоўванне кактэйлю Молатава, а таксама за яго выраб, набыццё, збыт, нашэнне і перавозку.
Акрамя таго, уводзіцца крымінальная заканадаўства за стварэнне і фінансаванне аб'яднанняў грамадзян, у дзейнасці якіх ёсць прыкметы экстрэмізму, дадае БЕЛТА.
Разам з тым пашыраецца адміністрацыйная адказнасць за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі з заклікамі да экстрэмізму. Цяпер уводзіцца адказнасць за тыражаванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, у тым ліку не ўключаных у адпаведны рэспубліканскі спіс. Паўнамоцтвы па складанні пратаколаў атрымалі не толькі КДБ і МУС, але і пракуратура з мытняй. Звесткі аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі прызнанай экстрэмісцкай будуць размяшчацца ў інтэрнэце на сайце Міністэрства інфармацыі.
Таксама ў заканадаўства дадалася крымінальная адказнасць за распальванне сацыяльнай варажнечы або розні.
Гэты дакумент быў прыняты Палатай прадстаўнікоў 4 красавіка і ў той жа дзень ухвалены Саветам Рэспублікі. Аляксандра Лукашэнка падпісаў яго 22 красавіка.