Землятрус у Беларусі, які зафіксавалі ў ЕС, беларускія спецыялісты не заўважылі
Навагрудчына / Ілюстрацыйнае фота planetabelarus.by
У Беларусі зафіксавалі землятрус магнітудай 4,2 бала. Яго эпіцэнтр знаходзіўся ў Гродзенскай вобласці, паведамляе Еўрапейска-Міжземнаморскі сейсмалагічны цэнтр.
Землятрус адбыўся 21 траўня ў 11:02 у Навагрудскім раёне. Глыбіня залягання яго эпіцэнтра складае каля 10 кіламетраў. На паверхні землятрус мог ніяк не адчувацца.
Як кажуць сейсмолагі, у Беларусі ў асобныя гады фіксуецца да сотні слабых землятрусаў (у асноўным у раёне Салігорска), але людзі іх амаль не адчуваюць. Верхні парог інтэнсіўнасці землятрусу, які можа быць у нашай краіне, — гэта 7 балаў па 12-бальнай шкале, а велічыня максімальна магчымай магнітуды складае 4,5.
"Адзіная краіна, якая зафіксавала гэтую з'яву, — Германія, служба "Геафон", — кажа загадчыца аддзела апрацоўкі і аналізу звестак маніторынгу Цэнтра геафізічнага маніторынгу НАН Беларусі Таццяна Аронава. — Ніводная іншая краіна пра гэта нічога не сказала, і беларускія сейсмічныя станцыі не зарэгістравалі гэтую падзею. Мы прагледзелі ўсе запісы на нашай тэрыторыі і іншых краін — гэтых звестак няма нідзе. Альбо гэтая інфармацыя памылковая, альбо размешчана спецыяльна, каб увесці ў зман грамадскасць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.