У Беларусі затрымалі 11 чалавек — яны былі чальцамі новай секты
Затрыманне чальцоў секты
У розных рэгіёнах Беларусі затрымалі 11 удзельнікаў секты "Руская праваслаўная царква — Царская імперыя". Яны адказвалі за працу беларускай ячэйкі арганізацыі, паведамілі ў МУС. Секта вярбуе людзей для стварэння ў Расіі дзяржавы "Трыадзіная Русь".
Спачатку секта прыцягнула да сябе ўвагу сілавікоў актыўнасцю ў Валгаградскай і Разанскай абласцях Расіі. Паслядоўнікаў культа сялілі у паўразбураных хатах у кінутых вёсках. Людзі там жылі невялікімі суполкамі, і іх жорстка кантралявалі прадстаўнікі секты, паведамляла расійскае выданне Газета.ру.
У нашай краіне секта дзейнічала з траўня мінулага года. У яе каля 50 прыхільнікаў і яны вераць, што гэта праваслаўная царква. Людзі адмовіліся ад дакументаў і каштоўнасцяў на карысць секты. Яе ідэялогія адмаўляе дзяржаўнасць і культывуе прыхільнасць расійскаму імператару. Учора быў затрыманы заснавальнік секты — былы крымінальнік Леанід Уласаў, пісала выданне Sputnik Беларусь.
У дачыненні да затрыманых заведзеныя крымінальныя справы за стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.