У Беларусі збіраюцца ўвесці адказнасць за перавозку экстрэмісцкіх матэрыялаў

У Беларусі збіраюцца ўвесці адказнасць за перавозку экстрэмісцкіх матэрыялаў

У Беларусі плануецца ўвесці адказнасць за перавозку матэрыялаў, якія змяшчаюць заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуюць такую дзейнасць. Адпаведныя папраўкі ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжаныя законапраектам "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь", які ўнесены ў Палату прадстаўнікоў 4 сакавіка, інфармуе БелаПАН.

Законапраект выкладае ў новай рэдакцыі арт. 17.11 КоАП (распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць). У адпаведнасці з дакументам распаўсюджванне такой прадукцыі, яе выраб, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюджвання будуць цягнуць накладанне штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь (4 млн 200 тысяч рублёў), на індывідуальнага прадпрымальніка — ад 20 да 50 (да 105 млн), на юрыдычную асобу — ад 50 да 200 (да 420 млн рублёў).

Распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, яе выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюджвання пацягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 50 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад 50 да 100 (да 210 млн рублёў), на юрыдычную асобу — ад 100 да 500 (да 1 млрд 50 млн рублёў). Гранічна дапушчальныя памеры штрафаў новая рэдакцыя артыкула 17.11 КоАП не змяняе.

Экстрэмісцкімі матэрыяламі ў адпаведнасці з законапраектам лічацца інфармацыйная прадукцыя (друкаваныя, аўдыя-, аўдыявізуальныя і іншыя інфармацыйныя паведамленні і матэрыялы, плакаты, транспаранты і іншая наглядная агітацыя, рэкламная прадукцыя), якая прызначаная для публічнага выкарыстання і распаўсюджвання і змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці і прапагандуе яе. Пры гэтым такая прадукцыя павінна быць прызнаная экстрэмісцкай па рашэнні суда.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі