У беларускім Мінабароны расказалі, калі расійскія вайскоўцы пакінуць Беларусь

Начальнік Генеральнага штаба УС РБ Віктар Гулевіч (справа)​ / @modmilby
Начальнік Генеральнага штаба УС РБ Віктар Гулевіч (справа)​ / @modmilby

Падраздзяленні Узброеных Сіл Расіі пакінуць тэрыторыю Беларусі і "вернуцца ў пункты пастаяннай дыслакацыі толькі тады, калі ў гэтым з'явіцца аб'ектыўная неабходнасць", заявіў начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл РБ генерал-маёр Віктар Гулевіч. Яго словы прыводзіць прэс-служба ваеннага ведамства.

Расійскія вайскоўцы мусілі пакінуць Беларусь пасля завяршэння вучэнняў "Саюзная рашучасць". Апошні дзень вучэнняў быў учора. Аднак напярэдадні стала вядома, што расійскія войскі застануцца ў Беларусі "ў сувязі з нарастаннем ваеннай актыўнасці ля вонкавых меж Саюзнай дзяржавы і абвастрэннем сітуацыі на Данбасе", праверка сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы працягнецца. Пра гэта заявіў учора міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін

Сёння начальнік беларускага Генштаба Гулевіч удакладніў, што "падраздзяленні Узброеных сіл Расіі вернуцца ў свае пункты пастаяннай дыслакацыі толькі тады, калі ў гэтым з'явіцца аб'ектыўная неабходнасць, і калі мы гэта самі вызначым".

"Гэта выключна наша ўнутраная справа", — падкрэсліў ён.

Пры гэтым беларускі генерал адзначыў, што час знаходжання расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі залежыць у тым ліку ад "заходніх калег".  Мінск мае права патрабаваць "адводу створаных груповак войскаў ЗША і асобных краін-чальцоў NATO ад меж Рэспублікі Беларусь і Саюзнай дзяржавы", сказаў Гулевіч.

Нагадаем, міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей на мінулым тыдні казаў, што расійскія войскі своечасова сыдуць з Беларусі. "Ніводнага вайскоўца, ніводнай адзінкі баявой тэхнікі не застанецца пасля гэтых вучэнняў", — заявіў Макей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі