У Берліне затрымалі расіяніна, якога падазраюць у падрыхтоўцы тэракту
Берлінская паліцыя затрымала 31-гадовага грамадзяніна Расіі Магамеда-Алі Ц. (Magomed-Ali C.). Яго падазраюць у падрыхтоўцы тэракту, паведамляе Бі-Бі-Сі са спасылкай на федэральную пракуратуру Германіі. Выбух на тэрыторыі Германіі ён рыхтаваў разам з затрыманым у Францыі Клементам Б.
Дома ў затрыманага расіяніна знайшлі выбухоўку. Як мяркуе следства, гэыя рэчывы ён збіраўся выкарыстаць для вырабу выбуховага прыстасавання. Дзе канкрэтна планаваўся тэракт, у пракуратуры не ўдакладняюць.
Паведамляецца, што напрыканцы кастрычніка 2016 года Магамед-Алі Ц. і Клемент Б. набылі вялікую колькасць выбуховага рэчыва TATP (трыпераксід ацэтону), якое захоўвалі ў кватэры ў Берліне. Пазней 22-гадовы Клемент Б. паехаў у Францыю, дзе яго затрымалі 18 красавіка 2017 года ў Марсэлі. Разам з іншым супольнікам Клемент Б. планаваў учыніць тэракт. Магамед-Алі заставаўся ўвесь гэты час у Берліне.
Выданне Spiegel Online называе Магамеда-Алі Ц. ісламістам з Чачні.