У Бешанковічах на вуліцы двух міліцыянераў збілі "цвёрдым тупым прадметам"
Бешанковіцкія міліцыянеры
У Бешанковічах у Віцебскай вобласці на вуліцы двух міліцыянераў збілі "цвёрдым тупым прадметам". Адзін з іх быў у форме, іншы — у цывільнай вопратцы. Пра гэтае здарэнне піша раённая газета. Яна паведамляе, што на 57-гадовага жыхара Бешанковіцкага раёна распачатая крымінальная справа "за ўжыванне гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў".
Усё пачалося з таго, што ў жніўні супрацоўнік міліцыі на вуліцы ў Бешанковічах спыніў мясцовага жыхара "за ўчыненне ім правапарушэння" (якога менавіта, не ўдакладняецца). Аднак мужчына аказаў супраціўленне. Ён нанёс міліцыянеру "ўдары цвёрдым тупым прадметам па розных частках цела", прычыніў яму цялесныя пашкоджанні.
На дапамогу збітаму міліцыянеру прыбег яго калега, які ў той момант быў у "грамадзянскай форме адзення". Але і яму мужчына аказаў супраціўленне і прычыніў цялесныя пашкоджанні. Якім менавіта прадметам мужчына збіваў сілавікоў, не ўдакладняецца.
У выніку жыхара Бешанковіцкага раёна ўсё ж затрымалі. Цяпер ён знаходзіцца пад вартай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.