У Брэсце суд не стаў разглядаць “справу нямытай спецвопраткі”

Рыгор Варвашэвіч, былы супрацоўнік фірмы “Еўраэлектрабуд–Брэст”, атрымаў 2 верасня ад суда Ленінскага раёну горада Брэста адмову ў пазове супраць прадпрыемства, на якім працаваў цягам 11 месяцаў. Ён хацеў спагнаць з фірмы 992 тысячы рублёў. Сюды ўваходзілі кошт мыцця спецвопраткі, кошт мыла, якое не выдавалі працаўнікам, і адшкадаванне за маральныя пакуты. Нагадаем, увесну пры звальненні наймальнік адмовіўся прымаць ад Варвашэвіча спецвопратку. Чалавека змушалі памыць яе, а боты згаджаліся браць толькі з даведкай са скурвендыспансера, што Варвашэвіч здаровы.

У судзе спадар Варвашэвіч спасылаўся на рэагаванні абласной інспекцыі працы і Кодэкс аб працы. Паводле працоўнага заканадаўства, спецвопратку абавязаны мыць наймальнік, ён сама павінен забяспечваць працаўнікоў сродкамі гігіены. “Суддзя Міранюк адпрэчыў мой пазоў, сказаўшы, што артыкул 226 Кодэкса аб працы, які абавязвае наймальніка аддаць грошы за пранне спецвопраткі, мыла і ваксу працаўніку ў выпадку, калі ён выдаткоўваўся на іх сам, мае рэкамендацыйны характар”, — патлумачыў спадар Варвашэвіч.  

Рыгор Варвашэвіч збіраецца падаць касацыйную скаргу ў абласны суд.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі