У Брэсце яшчэ 8 чалавек асудзілі за ўдзел у пратэстах
Колькасць палітвязняў у РБ павялічваецца і зноў амаль дасягнула 1400 чалавек
У Брэсце яшчэ 8 чалавек асудзілі за ўдзел у пратэстах 2020-га. Ім прызначылі тэрміны ад паўтара да двух з паловай гадоў калоніі.
Як паведамляюць праваабаронцы, справу разглядаў суд Ленінскага раёна. Суддзя Дзмітрый Шурын прызнаў усіх вінаватымі ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх".
Анатолю Закурку, Ігару Сарокіну, Васілю Ніпарку прызначаны адзін год і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, Аляксею Самайлюку і Сяргею Дзямідзюку — два гады калоніі, Івану Амрэйчыку — два гады і тры месяцы калоніі агульнага рэжыму, Мікіту Яхімовічу — два гады і шэсць месяцаў калоніі, Валянціне Жукоўскай — адзін год і пяць месяцаў калоніі агульнага рэжыму.
Усе абвінавачаныя задоўга да суда (у лютым-сакавіку) былі змешчаныя пад варту. Пазней усіх быў затрыманы Дземідзюк — у красавіку 2024-га. Сарокіна затрымалі на мяжы ў лютым, калі ён вяртаўся з Польшчы, дзе працаваў электрыкам. Жукоўскую раней асудзілі да 1,5 гады "хатняй хіміі" па "справе карагодаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.