У брыгадзе імя гетмана Астрожскага прапануюць стварыць беларускі батальён

Вадзім Кабанчук

Вадзім Кабанчук / YouTube-канал "Мочалов"

Намеснік камандзіра палка імя Каліноўскага Вадзім Кабанчук прапанаваў стварыць беларускі батальён у літоўска-польска-ўкраінскай брыгадзе імя вялікага гетмана Канстанціна Астрожскага на тэрыторыі Польшчы і Украіны. Прапанову ён агучыў 26 верасня падчас анлайн-дыскусіі ў Савеце па знешняй палітыцы "Украінская прызма", піша reform.by.

Па яго словах, брыгада імя гетмана Астрожскага была створаная ў тым ліку з інфармацыйнай мэтай у рамках канцэпцыі Балта-Чарнаморскага рэгіёну.

"І тут не хапае беларускага складніка. Што можна зрабіць? На сённяшні дзень ёсць частка беларусаў, якія знаходзяцца ва Украіне як добраахвотнікі, якія бяруць удзел у баявых дзеяннях у складзе розных фармаванняў. Большая іх частка знаходзіцца ў палку Каліноўскага. Полк Каліноўскага не існуе самастойна. Няма такой юрыдычнай адзінкі ва Украіне. І гэтая брыгада, калі б, напрыклад, разгарнулі батальён ва Украіне, дала б фактычна магчымасць фармальна інстытуцыяналізаваць беларускіх добраахвотнікаў", — тлумачыць Кабанчук.

Ён заяўляе, што ў такім падраздзяленні гатовая служыць вялікая колькасць беларусаў — пры ўмове легальнага статусу на тэрыторыі ЕС. Шмат хто з беларусаў па розных прычынах (найперш фінансавых і дакументальных) не можа трапіць ва Украіну, але яны гатовыя служыць на тэрыторыі ЕС.

"І адзін батальён можна было разгарнуць у Польшчы, дзе найбольшая канцэнтрацыя беларускай дыяспары. З той умовай, што гэты батальён нёс бы ваенна-паліцэйскія функцыі. Напрыклад, яго можна было б выкарыстоўваць для той жа аховы мяжы польскай, дзе фактычна лукашэнкаўскі бок ладзіць пастаянныя правакацыі з гэтымі нелегальнымі мігрантамі", — прапануе Кабанчук.

Савет па знешняй палітыцы "Украінская прызма" — гэта ўкраінская некамерцыйная арганізацыя, якая дзейнічае як сеткавы аналітычны цэнтр у сферы знешняй палітыкі і міжнароднай бяспекі.

Літоўска-польска-ўкраінская брыгада імя вялікага гетмана Канстанціна Астрожскага — асобная брыгада з трох палкоў краін Люблінскага трохкутніка. Яна прызначаная для міжнародных міратворчых і гуманітарных аперацый (у тым ліку, пад эгідай ААН, ЕС і NATO). 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі