У цэнтры Гродна каля дзіцячага садка зрабілі жаночую "хімію"

У цэнтры Гродна каля дзіцячага садка зрабілі жаночую "хімію"

На вуліцы Леніна ў цэнтры Гродна адчынілі так званую "хімію" для жанчын. Яна размясцілася ў былым садку. Як піша газета "Вечерний Гродно", па суседстве з асуджанымі жанчынамі за невысокім плотам знаходзіцца дзіцячы садок.

На "хіміі" жывуць 40 асуджаных жанчын. Зранку яны сыходзяць на працу, а ўвечары вяртаюцца. Днём тут бываюць толькі тыя, хто вярнуўся з начной змены або ў каго выходны — максімум чалавек дзесяць. Калі асуджаныя жанчыны вяртаюцца з працы, то садок ужо зачынены. За парадкам тут сочаць дзесяць міліцыянтаў.

Начальнік папраўчай установы адкрытага тыпу № 25 падпалкоўнік міліцыі Сяргей Мохань кажа, што яго падапечныя — тыя, чые злачынствы не ўяўляюць небяспекі для грамадства. Пераважна гэта неплацельшчыцы аліментаў. Некаторыя жанчыны пазбаўленыя бацькоўскіх правоў. Яны працуюць у лякарнях і паліклініках, ЖЭСах, крамах прыбіральшчыцамі і дворнікамі, швачкамі і санітаркамі. "У нейкай ступені ў нас той жа садок, толькі для дарослых", — упэўнены падпалкоўнік.

У дзіцячым садку пра такое суседства даведаліся выпадкова. Загадчыца ясляў-саду №3 Аксана Цітова пра "хімію" па суседстве даведалася ад жыхароў навакольных дамоў.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна Аксана Тарасевіч мяркуе, што такое суседства не нясе небяспекі для дзяцей. А бацькоў, па яе словах, не паінфармавалі, каб не ствараць на пустым месцы лішняе хваляванне.

Тым часам самі бацькі лічаць, што ім мусілі паведаміць пра такое суседства і патлумачыць, што дзецям нічога не пагражае. У адной з груп рыхтуюцца правесці бацькоўскі сход і пачаць збор подпісаў за перанос "хіміі" ў іншае месца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі