У дзіцячым санаторыі на Кобрыншчыне — эпідэмія наравіруснай інфекцыі

Дзіцячы цэнтр "Колас" у Кобрынскім раёне

Дзіцячы цэнтр "Колас" у Кобрынскім раёне / 1transfer.by

Эпідэмію наравіруснай інфекцыі зарэгістравалі ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры "Колас" у Кобрынскім раёне, паведамляе прэс-служба Мінздароўя.

Гаворыцца пра 37 выпадкаў захворвання — 33 падлеткі і чатыры выхавальнікі. У большасці захворванне працякае ў лёгкай форме.

У інфекцыйе аддзяленне Кобрынскай цэнтральнай раённай бальніцы былі шпіталізаваныя восем чалавек. Цяпер з гэтай колькасці ў лякарні застаюцца два дзіцяці і адзін дарослы.

Агулам у цэнтры "Колас" на аздараўленні знаходзіцца 587 чалавек.

Першыя выпадкі захворвання, як заяўляюць у Мінздароўя, былі зафіксаваныя ў першы дзень новай змены сярод дзяцей, якія прыбылі на аздараўленне. Потым інфекцыя распаўсюдзілася кантактна-бытавым шляхам.

Лабараторныя даследаванні супрацоўнікаў харчаблока, знешняга атачэння (у тым ліку прадуктаў харчавання) далі адмоўныя вынікі. Гэта значыць, што інфекцыя не перадавалася харчовым шляхам.

Санслужба праводзіць неабходны комплекс супрацьэпідэмічных і прафілактычных мерапрыемстваў. У іх лік уваходзіць узмоцнены кантроль за якасцю прыборкі, захаваннем асабістай гігіены персаналам і дзецьмі. Таксама арганізавалі медыцынскае назіранне за кантактнымі асобамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі