У Фэйсбуку "вясёлкавыя аватаркі" прывялі да новай хвалі фрэндацыду
За камент пра тое, што быць геем у ХХI нармальна, можна пасварыцца назаўсёды.
Легалізацыя аднаполых шлюбаў у ЗША выклікала буру ў інтэрнэце. Фэйсбук раздзяліўся на тых, хто фарбуе свае аватаркі ў колеры вясёлкі, і хто выказвае "фе". "Гейскае" пытанне запусціла новую хвалю "фрэндацыду: "калі вы ў 2015 годзе не лічыце, што быць геем нармальна, — сардэчна запрашаю з сяброў".
"Паглядзеў стужку. Жанчыны, якім і так не хапае мужыкоў, падтрымліваюць, каб мужыкі мужыкоў любілі? Гэта дурасць ці помста?" — задаецца пытаннем Вадзім Пракопчык. Пост атрымлівае 65 лайкаў.
Гамафобныя настроі часткі насельніцтва Фэйсбука прыводзяць у роспач гульца "Што? Дзе? Калі?" Дар'ю Кастэнка. Маўляў, нават свядомыя і "праеўрапейскія" беларусы, барацьбіты супраць "русского мира" не могуць прыняць другога чалавека такім, якім ён ёсць. Дар'я разважае наконт таго, ці патрэбнае такім беларусам дэмакратычнае грамадства.
"Вы хочаце жыць у сучаснай Еўропе, дзе паважаюць правы любых меншасцяў? Ці вам проста трэба самім стаць большасцю, якая можа загнаць непрыемныя вам меншасці на нары — ці хаця б за замкнёныя дзверы кватэр, каб яны там "моўчкі тра***ліся самі сабе, як хочуць"? Вы хочаце будаваць дэмакратычнае грамадства — ці проста заняць месца лукашэнкаўцаў у экасістэме?"
Мастачка Ніка Сандрас з'яўленне сваёй вясёлкавай аватаркі тлумачыць жаданнем, "каб усе людзі былі шчаслівымі і вольнымі ў праявах свайго кахання". Яна кажа, што не раздзяляе людзей на геяй і нягеяў, а дзеліць іх на "прыстойных і добрых і на мярзотнікаў і маральных вырадкаў":
"Мне пляваць на тое, хто з кім жыве і спіць. Хоць з сабачкамі і коткамі. Я за тое, што раз ужо нехта са сваёй парай вызначыўся, хай ён (яна, яно) мае ўсе такія ж правы як і ўсе астатнія. Я за тое, каб людзі былі шчаслівыя і вольныя ў праявах сваёй любові. Пра парады і рэлігію не пытайцеся. На парады не хаджу. Аб рэлігіі ў грамадскіх месцах не плявузгаю".
“Лонданскі беларус” Аляксей Лявончык спрабуе давесці фрэндам сваю пазіцыю, што кожны мае права на свабоду выбару, у некалькіх пастах, дзе прыводзіць прыклады таго, што аднаполыя шлюбы ніяк не ўплываюць на дэмаграфію насельніцтва:
"Канада. Аднаполыя шлюбы дазволеныя з 2005 года. Адгэтуль і да 2014 года натуральны прырост насельніцтва (перавышэнне нараджальнасці над смяротнасцю) — паміж 3.2 і 4.2 на 1000 чалавек". На дэмаграфію ўплывае цэлае спалучэнне фактараў, пачынаючы ад бяспекі, як фізічнай цяпер, так і фінансавай у перспектыве, заканчваючы наяўнасцю нармальнай сістэмы адукацыі, дэкрэтных адпачынкаў, перспектываў для дзяцей, павагі да асобы і падобнага".
Аднак аргументы абаронцаў сэксуальных меншасцяў не пераконваюць аматараў традыцыйных зносінаў.
"Чаму быць аднаполалюбяшчайся меншасцю — гэта нармальна й нават крута, а непрымаючай аднаполалюбяшчыхмся большасьцю — агідна, фуфуфу і недземакрацічна?" — парыруе Дар'і Кастэнка Аляксей Курбакоў.
Там жа ўзнікае і тэма гомасэксуальнасці як хваробы:
"У мяне няма ніякага негатыву да геяў і лесбіянак — я лічу гэта хваробай — у нейкім выпадку вылечнай, у нейкім выпадку не, — мяркуе Дан Шорын. — І як любыя хворыя яны павінны мець права прыйсці да лекара і паспрабаваць вылечыцца або навучыцца жыць са сваёй хваробай — як мінімум прайсці курсы псіхатэрапіі для адаптацыі ў грамадстве. Ім трэба паспрабаваць дапамагчы — псіхалагічна або медыкаментозна. Менавіта ЛГБТ гэтаму перашкаджае з усіх сіл".
Крэдыт аднаполай пары дадуць, усынавіць дзіця — не
Музыка Карэн Карапецян звяртае ўвагу менавіта на рэлігійны аспект справы. Ён нагадвае пра Бога і прыводзіць цытаты са святых кніг, дзе напісана, якія наступствы чакаюць тых, хто адрокся ад традыцыйных каштоўнасцяў:
"Не кладзіся з мужчынам, як з жанчынай: гэта мярзота. І ні з якім быдлам не кладзіся, каб выліць семя і апаганіцца ад яго... Не апаганьвайце сябе нічым гэтым, бо ўсім гэтым апаганілі сябе людзі, якіх Я праганяю ад вас: і апаганілася зямля, і Я паглядзеў на беззаконне яе, і скінула з сябе зямля тых, хто жыве на ёй" (Біблія, Левіт 18:22-25)". Ці "Яны ведаюць праведны суд Божы, што тыя, якія чыняць такое, вартыя смерці; аднак не толькі іх робяць, але і сабе падобных падахвочваюць. "(Біблія, пасл. Рымлянаў 1:26-32).
Ёсць і тыя, хто ў дзень "вясёлкавых аватарак" б'е з ваны па прычыне таго, што за "новымі каштоўнасцямі" не бачна праблема сучаснага беларускага грамадства — татальных разводаў. Але большасць пастоў і каментароў у стужцы мае адкрыта гамафобскі характар:
"Я не разумею, што такога надзвычайнага ў нетрадыцыйнай арыентацыі, каб імкнуцца пра яе паведаміць цэламу свету, ганарыцца тым і патрабаваць незразумела чаго? — абураецца ў каментарах Aleh Vias. — Хто перашкаджае ім рабіць у сябе дома тое, што яны жадаюць? Навошта гэная паўсюдная прапаганда? Хіба мяне цікавіць хто як атрымлівае сэксуальную задаволенасць? І як пячатка у пашпарце зменіць жыццё меншасцяў? Чаму не робяць гетэра-парады? Не прапагандуюць традыцыйную сям'ю?"
Ці нават ваяўнічы:
"Як ні круці дзяцей жадаюць усе: яны, яна, яно і ён. А прыродай-та прадугледжаны адзін варыянт! — таксама ў каментарах пераконвае Marie Kovaleva. — І ніякіх больш варыянтаў няма! Ну ніяк народжаны, нават калі ты вельмі кахаеш ён-ён, не будзе несці яго ген, яго кроў... Якое каханне? Такі чалавек асуджаны! Такі чалавек — ніхто! Таму што не рэалізуецца (у першую і галоўную чаргу) ЯК ЧАЛАВЕК!"
Аднаполыя шлюбы легалізаваныя ў 20 краінах, у некаторых штатах Мексікі і на большай частцы Вялікабрытаніі. Першай краінай, якая вырашыла ўзаконіць шлюб для нетрадыцыйных пар, сталі Нідэрланды.
Фота: www.ostrovlubvi.com, www.peopletalk.ru, today.kz, daypic.ru, nadin-style.md