У Германіі цягнік пратараніў фуру, за рулём якой быў беларус
У нямецкай зямлі Саксонія пасажырскі цягнік пратараніў грузавік, якім кіраваў 31-гадовы беларус. Пра гэта піша belmir.by са спасылкай на мясцовую паліцыю.
ДТЗ адбылося 9 лютага ў горадзе Нойзальца-Шпрэмберг. Фура перавозіла 4,5 тоны пластмасавых скрынак. На слізкай зімовай дарозе пры пераездзе праз чыгунку аўтамабіль забуксаваў, пры гэтым паўпрычэп застаўся на рэйках.
Цягнік, які ішоў з Дрэздэна, не змог спыніцца і ўрэзаўся ў паўпрычэп. Кіроўца амшыны паспеў выскачыць з кабіны і не пацярпеў. Машыніст і правадніца атрымалі толькі лёгкія траўмы, ім аказалі дапамогу на месцы. Акрамя іх, у цягніку нікога не было.
Дарэчы, падобная гісторыя адбылася ўвечары 10 лютага пад Брэстам. Там пасажырскі дызель урэзаўся ў грузавы аўтамабіль, галаўны вагон цягніка сышоў з рэек. Пацярпеў толькі машыніст цягніка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.