У Гомелі вынеслі прысуд пенсіянерцы, якая спаліла два аўтамабілі
У гомельскім судзе
У Гомелі ў судзе Чыгуначнага раёна вынесены прысуд пенсіянерцы, якая спаліла два аўтамабілі. За наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне чужой маёмасці ёй прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тры гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія"), а таксама штраф — 348 рублёў. Шкода пацярпелым была цалкам кампенсаваная, піша gp.by.
Пракурор запытваў пяць гадоў абмежавання волі для жанчыны. Але на прысуд паўплывала тое, што абвінавачаная сама стала ахвярай махляроў і здзяйсняла злачынства пад іх уздзеяннем. Таксама былі ўлічаны пенсійны ўзрост, адсутнасць судзімасцяў і "станоўчая характарыстыка з месца жыхарства".
Пенсіянерка спаліла Nissan Terrano і Hyundai IX 35 на агульную суму 21,7 тысячы рублёў. Перад гэтым махляр, які па тэлефоне прадставіўся супрацоўнікам крымінальнага вышуку, паведаміў, што супрацоўніца буйнога банка аформіла на яе імя некалькі крэдытаў. І прапанаваў паўдзельнічаць у "спецаперацыі". Спачатку пенсіянерцы загадалі аформіць у двух банках крэдыты на 19 тысяч рублёў і перавесці грошы, а пасля — падпаліць аўтамабілі "супрацоўніцы банка" і яе начальніка. Нібыта гэта перашкодзіла б ім выехаць за мяжу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.