У Гродна прафесар з сям’ёй зладзіў пікет у абарону навучання па-беларуску

Гродзенскі прафесар Алесь Астроўскі з сям’ёй, а таксама журналіст Уладзімір Хільмановіч выйшлі 2 верасня да мясцовага гарвыканкаму і зладзілі пікет у абарону навучання на беларускай мове. Двое дзяцей прафесара Астроўскага стаялі разам з дарослымі і трымалі ў руках плакат “Хочам вучыцца па-беларуску”. Акцыя звярнула да сябе ўвагу намесніцы старшыні Гродзенскага гарвыканкаму Ірыны Сенчанкавай. Яна запрасіла пікетоўшчыкаў да сябе. Як распавёў Еўрарадыё Ўладзімір Хільмановіч, чыноўніца паабяцала дадаткова паінфармаваць бацькоў пра магчымасці навучаць сваіх дзяцей на роднай мове. Спадарыня Сенчанкава таксама сказала, што складзе графік бацькоўскіх сходаў і дасць яго прафесару і журналісту — каб яны змаглі наведаць гэтыя сходы і пагутарыць пра беларускамоўнае навучанне з бацькамі іншых школьнікаў.
 
Пасля гэтай размовы проста ў калідоры гарвыканкаму Алеся Астроўскага і Ўладзіміра Хільмановіча затрымала міліцыя і павяла ў бліжэйшы пастарунак. У пікетоўшчыкаў узялі тлумачэнні і неўзабаве адпусцілі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі